Тут так хораша, сьвету так многа…
Срэбны месяц прылёг на кусты.
Я іду сваёй роднай дарогай,
Зноў вясёлы і зноў малады.
Сёньня ўсё —
Гэты хвойнік і Сьвіслач —
Да сябе заклікаюць пажыць.
Колькі ўпартых бяроз панавісла
Над вадой і на грудзі мяжы.
Гэта межы спыталі у сэрца:
— Ці ж ня ты хочаш піць гэту ціш? —
Ўсё маўчыць,
Ня дыхне, як пры сьмерці,
Ну а ты?.. Ты таксама маўчыш!
Ну і што ж, калі промняў так многа,
Срэбны месяц каханьнем гарыць.
Годзе песень, разгулу, трывогі,
Хоць хвіліну адну так пажыць!