Перайсці да зместу

Старонка:Вяршыні жаданьняў (1930).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Я так доўга блукаў ў зачарованым садзе,
Месяц ласкай сваёю лісты апаліў.
З русай доўгай касою, з агнём у паглядзе
Расказала ты мне нашу тайну зямлі.
Мы пайшлі…
Доўга, доўга ты мне гаварыла.
Гаварыла аб шчасьці і долі людзей.
У грудзёх ажылі жыватворчыя сілы,
І трывожныя песьні каханьня, надзей.
Дарагая мая,
Паглядзі, як над лесам
Дагарэла крывавай тканінай зара, —
Гэта сымболь глухіх і надломаных песень,
Гэта словам каханьня,
Пачуцьцяў пара.
Я багаты
І песьняй сваёй і юнацтвам,
Ў маёй хаце блакітны варушыцца сьвет.
Буду сёньня над сьмерцю варожай сьмяяцца,
Бо інакшая песьня да мэты заве,
Я аб гэтым і доўга і ўпарта так марыў:
Я заснуўшае шчасьце сваё абудзіў.
І ўжо шэпча мне нехта з усьмешкай на твары:
— Ня спыняцца нам тут,
А ісьці ды ісьці.
Мы так доўга блукалі ў квітнеючым садзе,
Месяц ласкай сваёю лісты апаліў,
З доўгай русай касою, з агнём у паглядзе
Расказала ты мне пра вясну на зямлі.