|
Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі
Каля агнішча лёг і сьціхнуў у паўсьне.
Агонь усё слабеў… урэшце зьнік паволі…
І ўраз зрабілася вясёла неяк мне!..
Хай, шэры попел, ты агнішча ўсё сабою
Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць, —
Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,
Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць…
Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,
Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,
Хаваючы сабой агонь гарачы веры, —
Хай ня відаць яго…… а ўсё-ж ткі ён ня згас!
|