На працягу дзесяці год цягнецца ссылка Шэўчэнкі. Толькі ў 1857 г. ён быў вызвалены ад салдацкай службы. Гэтыя 10 год былі страшэннымі годамі катавання фізічнага, разумовага і маральнага...
Праўда, не гледзячы на забарону, Шэўчэнка ўсё-ж пісаў і маляваў, але за ўсё гэта прыходзілася плаціцца арыштамі, гауптвахтай, строгасцямі вайсковай службы і г. д. «Давіць мяне ў гэтай пустыне адзіноцтва, вось мой люты вораг! У гэтай шырокай пустыні мне цесна, а я адзін... Да гэтага часу не маю дазволу маляваць, шосты год, гэта жахліва!» Так пісаў Шэўчэнка ў 1852 г. да А. П. Лізагуба. Чытаць няма чаго, пісаць і маляваць нельга, салдацкая лямка і муштра выцягвалі апошнія жылы. «Цяпер трэба вам напісаць аб маральным маім жыцці. - Але яно такое брыдкае, што і пісаць не хочацца. Жыву я, можна сказаць, жыццём публічным, г. зн. у казармах, муштруюць кожны дзень, хаджу ў караул і г. д. Адно слова - салдат, ды яшчэ які! Проста пудала вароняе». Больш за ўсяго баяўся Т. Г. Шэўчэнка, каб не заснуць канчаткова.
Думы мае, думы мае,
Вы адны са мною,
Не кідайце хоць вы мяне
Лютаю парою.
Прылятайце галубочкі
Сівыя ў ранне
З-за Дняпра, -з-за шырокага
У стэп на гулянне.
. . . . . . . . . . . . .
Прылятайце мае птушкі
Ціхім словам-сказам
Прывітаю вас, як дзетак,
І заплачам разам.
Так піша паэт у 1847 г. у Орскай крэпасці, а ў 1853-54 г. у Новапятроўскім форце ён піша:
Мой божа мілы, зноўку ліха!
Было так люба, гэтак ціха;
Мы ўзяліся расказаць
Сваім нявольнікам кайданы...
Аж страх! ў зноўку пацякла
Кроў бедных! Шмат цароў вінчаных
Нібы сабакі за маслак
Грызуцца зноў.
Аднак годы пакут не знішчылі ні таленту, ні прагі жыць і змагацца супроць цароў-катаў, супроць прыгнятацеляў. Шэўчэнка захаваў і волю да жыцця і свежасць свайго таленту і прагу да барацьбы. Атрымаўшы дазвол на выезд з Новапятроўска, Шэўчэнка 2-га жніўня 1857 г. выправіўся ў дарогу. Астрахань, Саратаў, Казань, Ніжні-Ноўгарад, далі яму мноства новых уражанняў, спатканні з людзьмі, новыя знаёмствы, кнігі, ад якіх так доўга быў адарваны паэт. У Ніжнім-Ноўгарадзе Шэўчэнка павінен быў застанавіцца, бо яму быў забаронен уезд у Маскву і ў Пецербург. Так пачаўся чацьверты перыяд - новае прабыванне Тараса Грыгоравіча Шэўчэнкі на свабодзе. У 1858 г. Шэўчэнка атрымаў дазвол жыць у Пецярбурзе і наведваць класы Акадэміі Мастацтваў, а ў сакавіку