Перайсці да зместу

Старонка:Вялікі народны паэт (1939).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Любоў да Украіны перарастала ў Шэўчэнкі ў любоў да ўсіх працоўных, да людзей-братоў, якіх прыгняталі багі, цары і памешчыкі. Толькі ў Шэўчэнкі гэта ўскладнялася пачуццём смутку і болю за падвойнае прыгнечанне свайго народа, адсюль страсны заклік да барацьбы за свабоду, які зліваецца з заклікам да барацьбы за вызваленне ад нацыянальнага гнёту.

Як-бы парадаваўся Т. Г. Шэўчэнка, гледзячы на сваю Украіну цяпер, калі украінскі народ свабодна жыве і будуе сваё жыццё, сваю культуру, мастацтва, развівае сваю мову, калі разбурана турма народаў і на яе месцы створан свабодны братні саюз народаў.

VIII

Усе матывы і раскрываючыя іх вобразы ў Шэўчэнкі афарбаваны своеасаблівай лірыкай, выступаючай перад намі то як пяшчотны задушэўны сум, туга па долі, па шчасцю, то як гнеў супроць прыгнятальнікаў і смутак за зняслаўленых і абражаных. Лірызм Шэўчэнкі яўляе асноўную стыхію яго творчасці і вельмі збліжае яго з народнай паэзіяй, з народнымі песнямі. Ён усюды харош і своеасаблівы, усёроўна як у паказе суму і кахання, шчасця і долі.

Чаго мне так цяжка? Чаго мне так нудна?
Чаго сэрца плача, рыдае, крычыць,
Як дзіця без маткі? Чаго-ж табе трудна?
Чаго ты жадаеш? Што ў цябе баліць?
Ці піці, ці есці, ці спатанькі хочаш?
Засні маё сэрца.... Няхай чыніць здзек
Звар'яцелы люд... Закрый, сэрца, вочы...

Цяжкое было жыццё Т. Г. Шэўчэнкі, яно і спарадзіла гэтыя думкі і пачуцці; яно глыбока параніла і змучыла яго душу. Вось адкуль такая туга, такі песімізм. І гэта тады, калі Шэўчэнка страсна кахае жыццё, хараство, прыроду, сонца:

О, божа мой мілы!
Цяжка жыць на свеце, а хочацца жыць!
Хочацца глядзеці, як сонейка ззяе,
Хочацца паслухаць, як мора зайграе,
Як птушка шчабеча, байрак гамоніць,
Або чорнабрыўка ў гаю запявае...
О, божа мой мілы, як весела жыць!

Дзе развязванне гэтай супярэчнасці, чаму сэрца разрываецца ад мукі, калі так хораша жыць, чаму льюцца слёзы, калі так ярка свеціць сонца. Няволя цяжкая ўсяму прычына, яна не дае загаіцца ранам і высахнуць слязам.

Лірызм, то гнеўны і смутны, то ціхі і пяшчотны не дарма быў асноўнай стыхіяй Шэўчэнкі. Творчасць была для яго жыццём, а жыццё-барацьба. Барацьба жорсткая, бязлітасная, без уступак і даравання. Спачатку з панам-прыгоннікам і са ўсёй зграяй яго с бак, потым з царом-псаром і яго лізаблюдамі-псаратамі. І Шэўчэнка верыў у сілу сваёй зброі, у сілу свайго слова, у сваю мову. Ён верыў у дзейсную, магутную сілу слова і сваёй роднай мовы, якую ён кахаў да самазабыцця.

І гэта рыса родніць яго з шасцідзесятнікамі.