Каго бацька і не бачыў,
Маці адраклася,
Байструку што засталося?
Хто з ім загавора?
Ні радні тэй, ні хаціны,
Шляхі пяскі, гора…
Да гэтых вобразаў адносіцца і Аксана з паэмы „Гайдамакі“. Яна таксама не ведае шчасця; бацьку забілі палякі, а яе ўзялі з сабою, каб здзеквацца з яе. Пакуты бацькі і самой Аксаны пададзены не ў асабістым, а ў соцыяльным плане. Казакі жорстка помсцяць за ўсе свае пакуты і мучэнні, за смерць бацькі Аксаны і за здзекі з яе. Шэўчэнка паказвае тут, як матывы асабістай помсты пераплятаюцца з барацьбой за свабоду і незалежнасць роднай краіны супроць прыгнятальнікаў-палякаў. Пытанне аб жанчыне і яе эмансіпацыі было адным з найбольш важных у шасцідзесятыя годы. Не дзіўна, што гэтаму пытанню так шмат увагі ўдзяляла паэзія рэволюцыйных розначынцаў. У большасці паэтаў-розначынцаў ёсць вобразы жанчыны і сярод іх вобраз паўшай жанчыны. Некрасау („Еду-ль я ночью по улице темной“, „Убогая и нарядная“), а следам за ім Дабралюбаў („Не насмехайтесь над павшей женой“) і інш. зразумелі і не асудзілі такую жанчыну. Такіх-жа поглядаў трымаўся і Шэўчэнка.
Краем вуліц паспяшалі
Сонныя дзяўчаты,
Ды не з дому, а дадому:
Пасылала маці.
На ўсю ночку працаваці,
На хлеб зарабляці.
А я стаю пахіліўшысь,
У думках разважаю:
Як-то цяжка хлеб штодзенны
Людзі зарабляюць!
Колькі трэба мець любві да чалавека і як глыбока трэба разумець соцыяльныя супярэчнасці, каб так думаць і адчуваць! Шэўчэнка стаіць тут у адным радзе з рускімі рэволюцыйнымі дэмакратамі - Чэрнышэўскім, Дабралюбавым, Некрасавым. Цудоўны вобраз батрачкі Ганны з паэмы „Наймічка“. Маладзіца нарадзіла сына і вырашыла падкінуць яго добрым людзям. Тыя ўзялі дзіця і сталі выхоўваць яго, а Ганна нанялася да іх у батрачкі, каб даглядаць свайго-ж уласнага сына. Мінулі годы, старая гаспадыня памерла, прыёмны сын Марк вырас і ажаніўся. Ганна заставалася ў доме і яе як родную любілі Марк і яго жонка. Толькі перад смерцю Ганна прызналася Марку, што ён - яе сын. Усё жыццё пражыла яна для свайго сына, не маючы права сказаць, што яна яго маці.
Пачынаецца паэма выдатным пралогам пра лёс дзіцяці:
Я не адна - у мяне ёсць
І бацька і маці…
У мяне ёсць туманочку,
Тумане мой браце!..
Нехрышчоны мой сыночак,
Мой любы саколе!
· | · | · | · | · | · | · | · | · | · | · | · | · | · | · |