Шэўчэнка не выдумляў, а браў факты з гісторыі і яны красамоўней і пераканальней за ўсякую выдумку рысавалі вобразы цароў.
Бадай іх каты пасціналі
Усіх цароў, гадзюк людскіх!
Дакука з імі, каб вы зналі!
Як дурань ходзіш каля іх,
Не знаеш, як і дзе ступіць!
Дык што-ж, парайце, мне рабіць
Цяпер з паганымі?
Дадаткам да паэмы «Цары» служыць твор «Саул», у якім даецца не толькі вобраз разбэшчанага і прагнага цара, але і прыгнятальніка, які каршуном налятае на мірных працаўнікоў.
Аж на бяду цара нясе,
З законам, з катамі, з князямі
Мячом і цёмнымі рабамі.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Гора! Гора!
Драбнеюць людзі на зямлі,
Растуць і высяцца цары!
Рысуючы цароў Усходу і старажытнай Русі, Шэўчэнка бачыць агульныя рысы дэспатаў-самадзяржаўцаў і такім чынам ускосна характарызуе сучасных яму цароў. У яго мы маем вобразы Пятра I, Нікалая І, Александра II, царыцы Александры Фёдараўны і інш.
Прыгожа дадзена гэта ў паэме «Сон». Перад чытачом вобраз Пецербурга:
Паглядаю:
Палацы, палацы
Па-над ціхаю ракою,
А бераг абшыты
Увесь каменнем. Дзіўлюся,
Быццам з тропу збіты:
Як зрабілася яно во
З лужыны такое
Гэта дзіўна. Бо крыві тут
Выліта людское
Без нажа нат. А па той бок
Цвярдыня й званніца, Як завостраная швайка
Аж не падзівіцца,
І дзілінгае гадзіннік.
Вобразы Пятра і Екацерыны дадзены рэзка адмоўнымі рысамі. Гэта —
Во той первый, распінаў што
Нашу Украіну,
А вторая даканала
Удаву-сіраціну.
Каты, каты, людаеды!
Наелісь абое,
Накраліся. А што ўзялі
На той свет з сабою?
Шэўчэнка ацэньваў дзейнасць Пятра і Екацерыны з пункту погляду селяніна, прыгнечанага памешчыкам і замучанага дзяржаваю.