-выказаную форму нянавісці і пагарды. Шэўчэнка мог мець асабістую нянавісць да Нікалая І, які загубіў яго жыццё. Але не асабістыя матывы гучаць у яго паэзіі, а матывы соцыяльнай барацьбы. Голас задаўленых рабоў, голас мільёнаў прыгнечаных сялян гучыць у паэзіі Т. Г. Шэўчэнкі. Не мог ён не адбіваць пратэста шматмільённага сялянства, якое тамілася пад ярмом бога, цара і пана. Пратэст Шэўчэнкі гучыць ва ўнісон з паэзіяй рэволюцыйных розначынцаў, з паэзіяй Некрасава, які заявіў:
Работаешь один,
А чуть работа кончена,
Глядишь, стоят три дольщика:
Царь, бог и господин.
Пратэст шматмільённых сялянскіх мас і адлюстроўваецца ў творах Шэўчэнкі. У гэтым яго сіла і яго слабасць. Шэўчэнка не мае ніякіх ілюзій наконт цароў, і ў гэтым яго сіла. Цар, дзе-б ён ні быў, ёсць цар, — прыгнятальнік, дэспат, вораг, эксплаататар. Шэўченка рысуе нам цароў старажытнага Усходу і Нікалая I, знаходзячы ў іх шмат агульных рысаў. У творы «Цары» Шэўчэнка паказвае невідушчым людзям —
Каронай венчаных грамаду...
спераду і ззаду.
У пяці ўрыўках твора «Цары» ён рысуе разбэшчанага цара Давіда, які ў час бою —
У срэбнай рызе пахаджае
І, нібы кот той, пазірае
На сала, на зялёны сад
Суседа Гурыя...
Яму спадабалася Вірсавія, жонка Гурыя. Давід украў Вірсавію, а Гурыя загадаў забіць.
І зноў вясёлы, зноўку п'яны
Каля рабыні захадзіў.
Другі нарыс рысуе сына цара Давіда, Амона, які прыкінуўся хворым, каб сястра Фамар спякла пернік і сама прынесла хвораму. Калі, нічога не падазраючы Фамар прышла да яго, дык Амон гвалтам авалодаў сваёй сястрой.
Вось так царэвічы жывуць,
Дурэючы на свеце.
У трэцім нарысе-той жа Давід, але да таго знямогшы, што ні якія пакрывалы не саграваюць яго. З усёй зямлі сабралі да яго найпрыгажэйшых дзяўчат, каб яны сваімі целамі сагравалі «кацішчу блуднага». Такія цары Усходу.
А вось славянскія цары. У чацвёртым нарысе Шэўчэнка гаворыць аб крадзежы Святым Уладзімерам дачкі Рагвалода, Рагнеды. Для гэтага спатрэбілася заваяваць і разбурыць Полацак, потым Уладзімер згвалціў Рагнеду і прагнаў яе.
Дык вось наколькі ў іх святога —
У тых царах.