Марына Паўлаўна млява адмахнулася:
— Ня ведаю я, дзядзька Ахрэм. Пагаманіце з Сымонам, ён добра знаецца ў гэтым ува ўсім.
Галілей чамусьці спалохаўся:
— Добра, добра я пагаманю з ім, я пагаманю…
І адчужана змоўк. І Марына Паўлаўна сядзела моўчкі — неяк было ўзьнімаць зноў гутарку пра сваё. Галілей яшчэ троху патупаў ды пашоў на кухню аглядаць зробленую ім па адумысловай сыстэме спэцыяльна для Марыны Паўлаўны сушыльню.
Неўзабаве з надворку грукнулі дзьверы, па кухні разлягліся шумныя мужчынскія крокі, і ў пакой увашоў муж Марыны Паўлаўны, загадчык сямігодкі Сымон Карызна. І зараз-жа зноў — ужо ціхенька — ляпнулі дзьверы і з сянёц пачулася, як Галілей клікаў Босага.
Сымон Карызна скінуў на крэсла зашаранелую хутру і прайшоўся туды і сюды па пакою, тручы скалелыя рукі.
— Мароз аж трашчыць. Зусім адубеў.
— Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў.
І замоўклі абое.
Карызна хадзіў ды хадзіў па пакою, удаючы, што ніяк ня можа сагрэцца. А Марына Паўлаўна ведала, прывёз ён з сабой з раёну нейкае новае ўзрушэньне, і карціць яму выказаць яго каму-небудзь, а ёй ня можа: цеперся ўжо парвалася паміж іх сяброўская блізкасьць. Хоць і ня злуюць адзін на аднаго, хоць і цёплая ласка ўзгарыцца, зацьмее часамі, а нутро адкрыць адно аднаму — нейкі прыкры, мулкі сорам.
У Марыны Паўлаўны сэрца зьнібіць тупым жалем. З якой-бы радасьцю падзяліла яна ягонае ўзрушэньне, ягоную радасьць ці смутак, усё роўна. А ён ня бачыць гэтага ў ёй — правалілася ўсё ў пустэчы бясьцьветных вачэй — і балазе, што ня бачыць: было-б, пэўна, цяжэй і яму і ёй.
Карызна, п‘ючы чай, відочна сьпяшаецца. І на твары ў яго адбіваецца ўжо: добра знаёмае Марыне Паўлаўне турботнае замяшаньне: ён зараз устане, з удаванай злоснай рашучасьцю апранецца і пойдзе наўмысна гучнымі размашыстымі крокамі.
Марына Паўлаўна ведае, куды ён пойдзе. Яна тады ўкленчыць на сваёй аблюбёнай канапе і будзе доўга-доўга ўзірацца ў заваконную цёмру.
2Сымон Карызна, як сакратар сельсавецкае ячэйкі, езьдзіў у раёк на пленум райкому партыі, і ўзрушэньне, якое панёс ён ад свае жонкі, было агульнае ўзрушэньне ўсяго колектыву — добрае, бадзёрае ўзрушэньне — імпульс да новае пладатворнае працы…
У вострай, троху бязладнай і троху ўрачыстай сумятні раёну, у неабыкла напружаным ходзе пасяджэньняў пленуму, у праявах па-баявому адкрытай дружнасьці паміж усіх партыйцаў — пачуў Карызна новы павеў нязгаснае рэволюцыі, якая праз