Марына Паўлаўна ледзь прыметна ўсьміхнулася.
— Як-жа гэта бяз дыму, дзядзька Ахрэм? Бяз дыму-ж агню ня бывае.
Галілей замітусіўся па хаце.
— Вось так… Вось гэтак… Адсюль — сюды… Адтуль — туды…
Марына Паўлаўна ўдалася ў свае патаемныя думы. Пад Галілееву мітусяніну думалася лягчэй і спакайней — думкі ішлі больш практычныя, хатнія.
— Ага… вось так… Зразумелі, Марына Паўлаўна?
Марына Паўлаўна не зразумела нічога, але троху супакоілася і, замест адказу, раптам загаварыла — зусім вольна, адкрыта — пра сваё.
— Што мне рабіць, дзядзька Ахрэм? Ці мне самой скончыць усё, ці чакаць, мо‘ ўладзіцца неяк, мо‘ мінецца гэта ў яго… Яму ўжо пад сорак, вы ведаеце? У нас-жа зусім дарослая дачка. Мы дзевятнаццаць год, як жанатыя… Як гэта разумець, дзядзька Ахрэм? Што рабіць?
Галілей стуліўся ў настарожанай гатоўнасьці разьвязаць цяжкую проблему Марыны Паўлаўны. Ён захапляўся кожнай проблемай, якая траплялася на ягоным жыцьцёвым шляху — ўсёроўна, ці мела яна непасрэднае да яго, дачыненьне, ці не — і з роўнай стараннасьцю біўся над яе разьвязаньнем. Такі ўжо быў Галілееў характар! Цяпер ён бяз ніякага жалю кінуў свае разважаньні аб цыркулярнай бяздымнай печы і ўраз працяўся турботаю Марыны Паўлаўны.
— Кхе… кхе… Тут трэба памеркаваць, Марына Паўлаўна… Апошняе каханьне бывае моцнае, дужа моцнае… І дурное. Стары дурней за маладога хлопца кахае… ага… Ды яшчэ і сьвет цяпер лёгкі пашоў… Вальготны цяпер сьвет для чалавечай душы. Гэткім сьветам — няма чалавеку ніякага ўёму.
— Я-ж ня трымаю яго, дзядзька Ахрэм. Ён сам ня хоча кідаць мяне.
— Пэўна, што ня хоча. Тут трэба памеркаваць… Ня хоча, бо да старое ласкі прывык, да абыходу. А і новае загарэлася. Вось і ламаецца чалавек.
— Праўда, што цяжка яму бывае таксама.
Галілей раптам замуляўся, закхекаў, затупаў непакойна на месцы. Значыць, меў сказаць нешта для яе важнае, нясьцерпнае.
— Я мяркую так, Марына Паўлаўна. Усё ламаецца, дык і чалавек мусіць ламацца. Ня ў тым, дык ў тым… Раз ператруска ўсяму… ўсяму ператруска…
Ён ступіў крок наперад і ў нэрвовай пасьпешнасьці зашаптаў:
— Да душы-ж, усё ламаецца, Марына Паўлаўна. Нешта будзе, нешта будзе. Можа новая рэволюцыя ідзе… Я яшчэ ня ведаю, ня ўцямлю ніяк. Думаю, думаю, а не надумаю нічагутка. Як вы ўважаеце, Марына Паўлаўна? У які бок гэта пойдзе?