Перайсці да зместу

Старонка:Вязьмо (1932).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

знае Цімахвея Міронавіча Гвардыяна? Ого, ён нават ведае ўсё пра яго мінулае, нібы жыў разам з ім, нібы разам з ім гойдаўся ў тым высачайшым гамаку!

Во, гэта хвацка! Чыкрыжыць, як рэпу грызе…

Яно што праўда, то праўда: гуртам рабіць ямчэй, гэта табе нават хто-хаця пацьвердзіць. Буйная гаспадарка — пэўна, што: машыны, угнаеньне, севазварот, адным словам — тэхніка. Тут табе такога можна намудраваць, што ого-го! Але што-ж ты паробіш з гэтымі квактухамі, якім нічога няма мілей за іхняга старога гнязда!

Божухна-бацюхна! Дзе яны панабіраліся гэткага спрыту! Не раўнуючы; як тыя галкі, калі спудзяць, іх з іхнага седала. Крычаць, лемантуюць, адна адну перапыняюць адна адну ня слухаюць і кожная крычыць сваё, аб сваім, кожная толькі сама сябе й чуе.

Ну, тут ужо Пацяробу работа. Ён як бач суніме ўвесь гэты гармідар, на гэта ён майстра.

— Ціху, бабкі! Бабачкі, родныя, ціху! Ціху, бабачкі, каб вас пярун пасмаліў. Ціху вы, ну!

І гэтага апошняга „ну“ бабачкі ўсё-ткі паслухалі — скомчылі, сьціснулі гоман свой і памалу змоўклі.

— Хто хоча гаварыць, прасі слова. Гаварыць па адным, а ня ўсе разам.

Бабы маўчаць. Бабы ня ўмеюць прасіць слова, ня прывыклі гаварыць па рэгляманту.

— Ну, хто хоча слова, чаго маўчыцё? Гаварыце!

І праўда, загаварыла бабылка Аксіньня. Аб чым-жа больш? — загаварыла аб сваім гаротным жыцьці, аб тым, што ёй ходу няма, што ўсе яе крыўдзяць, што няма ёй ніякае дапамогі ад савецкае ўлады. І ці толькі пусьціла яна першую сваю бабскую сьлязу, як грымнулі ўсе, загарлалі, зноў узьнялі нясусьветны вэрхал.

І так — скрозь.

А мужчыны, якія і ёсьць тут, маўчаць. У мужчын політыка — хай яны пакрычаць, што з іх возьмеш, ведама — бабы! — а тым часам можа пасьвятлее троху, відней стане, як там і што. Нават заядлы Прахор і той толькі махае нешта рукамі адзаду, нешта злосна даводзіць гуртку маўклівых сялян, а на людзі выходзіць ня важыцца.

Так і прайшоў гэты сход. Гаварыў яшчэ і Карызна і Пацяроб, і Віктар, і Вера Засуліч, але вынік быў адзін: крычалі бабы, выліваючы ў тлумны гармідар сваё бяспрычыннае ці можа многапрычыннае абурэньне, і маўчалі мужчыны, ці то цішком згаджаючыся з бабскім крыкам, ці то проста чакаючы нейкага далейшага выясьненьня.

Пастановы на тым сходзе не ўхвалілі ніякай, і Галілёй пайшоў дахаты яшчэ больш заклапочаны, з яшчэ большым неўразуменьнем у сваёй непакойнай істоце.

Ідучы паўз вялікі чысты дом Цімахвея Міронавіча Гвардыяна, ён на момант суняўся, нібы хацеў быў зайсьці туды, але падаўся