Гвардыян, як апантаны, закрычаў яму ўсьлед:
— Гэта — карова! Ту, Галілей! Го-го-го!..
І не спазнаць было, ці гэта ён так засьмяяўся, ці агатукаў у шалёнай злосьці.
Галілей ужо добра ведаў, што Цімахвей Міронавіч канечна прыбяжыць на сход, што ён чуе сілу сваю, але троху пабойваецца, і што за гаспадарку сваю, за жыцьцё сваё-сытае будзе трымацца зубамі аж да астатняга дыху.
Галілей загадзя ведаў, хто што будзе гаварыць і як хто будзе паводзіць сябе на сходзе, аднак адзін з першых прытрусіўся ў зусім пусты яшчэ нардом і заняў у куточку сабе стратэгічна выгоднае месца.
І вышла-ж так, што Галілей цалкам памыліўся.
Першае, што ашукала яго, гэта — склад сходу. Сышліся бадай адны бабы. Ніхто з галоўных местачковых верхаводаў не зьявіўся. Прахор і той прыбег толькі з палавіны сходу. Нават Цімахвей Міронавіч (заўважце гэта), нават Цімахвей Міронавіч Гвардыян астаўся ў хаце. З прычыны гэткага непаразуменьня зайшло было пытаньне аб тым, ці ня варта адкласьці сход, і стары ненавісьнік і вораг жаночага роду дзед Піліп з нясусьветнай пагардай зазначыў:
— Які-ж гэта сход? Гэта-ж бабы!..
Але дзеду Піліпу дала добрага чосу Вера Засуліч — што, бабы хіба ня гэткія самыя людзі і грамадзяне? — дык дзед Піліп змоўк і з дэмонстрацыйнай бязуважнасьцю закурыў сваю вялізную старасьвецкую піпку.
Сход адкрылі. Даклад рабіў (зноў Галілей памыліўся) не Карызна, а малады рабочы-брыгадзір з Менску. Пачаў ён гаварыць зусім ціха, спакойна, нібы й не на сходзе. Таму адразу-ж з бабскае гурмы вылецела спагадлівая рэпліка:
— Беёдненькі! Як перад сьмерцю…
Але Зелянюка гэтым ня ймеш! Не зьвярнуўшы ўвагі на рэпліку, ён гаварыў далей тым-жа тонам, толькі насыціў словы свае большаю нутранаю напружанасьцю. І бабы мусілі скарыцца — сунялі свой пчаліны гуд, сталі слухаць з належнай увагай.
Галілей з свайго стратэгічнага пункту пільна ўзіраецца ў дакладчыка, вывучае яго.
Што-ж, гаворыць ён з сэнсам. Пачаў зусім здалеку — дзе тая колектывізацыя, няма ніякай колектывізацыі, ані слоўца пра яе, ані зыку! — можна слухаць зусім спакойна: от, расказаў пра буржуазію, пра замежныя дзяржавы, успомніў паноў, окупацыю, тое, другое. Галілею гэта дужа падабаецца. Ён ведае, да чаго ўсё яно прыдзе, але-ж трэба падвесьці так, падвярнуць, каб і ня зьмецілі, як яно тое галоўнае наповерх высьлізьне. О, гэта хлопец-зух, няма чаго казаць!
Ну вось, цяпер пра гаспадарку. Пэўна, што гаспадарка — дрэнь. Ува ўсіх — дрэнь. Дзе-ж тут дужа разгонішся на гэткіх істужках ды з гэткім начыньнем, з гэткай худобай… У Гвардыяна?.. Ён ужо