Перайсці да зместу

Старонка:Вязьмо (1932).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня дужаеце, Цімахвей Міронавіч?

— Дзякую. Як самі, Ахрэм Данілавіч?

Зноў памаўчалі. Па якой хвіліне, зморшчыўшы твар, каб адкусіць нітку, Гвардыян запытаў:

— Мы вось сядзім, як прусы ў запечку. А вы-ж, будучы, сьветам перабываеце, Ахрэм Данілавіч! Што дзе чуваць такога пракраснага?

— Як чхнеш, так і пачуеш, Свой сквіл мілей за чужую песьню.

— Нашто той сквіл? Хто гэта будзе сквіліць?

— Дзе вясельле, там і музыка, Цімахвей Міронавіч!

Гвардыян самаўпэўнена ўсьміхнуўся.

— Аб чым, будучы, сход склікаюць, Ахрэм Данілавіч?

— Колектывізацыя, Цімахвей Міронавіч!

На колькі сэкунд занялося вострае напружанае маўчаньне. Пасьля Гвардыян сталым павольным рухам адсунуў у бок скураты, паклаў на калены рукі, і на голы пэргамінавы твар свой напусьціў выраз глыбокае развагі.

— А што-ж, і пойдуць. Чаму, будучы, не пайсьці, Ахрэм Данілавіч? Галоўнае, няма табе ніякага клопату — адпрацуй сваё, атрымай, што табе належыць. Ні заботы, ні турботы. Цябе й накормяць, будучы, і надзенуць, і другое і трэцяе… А гаспадарка — ёй трэба догляд. І ня ўсьпіш і не ўясі, не адпачнеш ніколі, як людзі. Гэта, браце мой, апарат…

Хітры чалавек Гвардыян! Гаворыць, дык проста — шчырай душою. Ня йначай, ён першы будзе стаяць за колгас.

— Вы, Цімахвей Міронавіч, пэўна, таксама ў колгас пераступіце.

Гвардыян усхапіўся.

— А чаму-ж не? Што-ж вы думаеце? Ці-ж мне век, будучы, мардавацца на гаспадарцы? Баба з калёс — калёсам лягчэй… Хай кіруюць — божухна-бацюхна! — ці-ж нам шкода, ці што? Абы з сэнсам было, абы парадак!

Ён зноў завінуўся каля сваіх скуратоў, але ў руках яго ня было ўжо ранейшай павольнасьці — яны бегалі залішне дробна і, мабыць, бяз ладу. Ён яшчэ раз скрывіўся, хоць ніткі ўжо ня кусаў, працягнуў фальцэтам:

— Пойдуць усе, даражэнькі мой, пойдуць…

І пастараўся ўсьміхнуцца як мага бязуважна:

— Хе-хе… А хто ня схоча — к ліхой долі, таго на бок. Ці праўда, Ахрэм Данілавіч?

— Пужаецеся, Цімахвей Міронавіч?

Гвардыян аж падскочыў.

— Я? Баюся? Чаго мне баяцца? Каго мне баяцца? Што, я ўкраў у каго? Што, я забіў каго, абрабаваў? Што са мной зробяць? га? Што са мною зробяць?

Галілей раптам устаў і борзьдзенька пабег да дзьвярэй, нахаду выгаварваючы:

— Чатыры чатыркі, дзьве растапыркі, адзін махтын, два вухтаркі…