дапоўніў Рачкоўскі сваім, як зазвычай, нязграбным, важкім, насычаным грубою воляю выступленьнем. І цяжка сказаць, хто з іх больш узьняў у прысутных той непакойна імклівы настрой, які разам з іншымі захапіў і Карызну.
У перапынку астаўся быў неяк Карызна адзін-на-адзін у габінэце з Рачкоўскім. Той парыўчата прайшоўся разы са два па пакою (ідучы ён перавальваўся, як качка), потым стаў за сталом, пацёр энэргійна рукі, абапёрся імі аб стол і, нахіліўшы над сталом сваё цяжкое тулава, многазначна ўпяўся вачмі ў Карызну:
— Ну, браце, як?.. Кумекаеш, га?..
Карызну стала надзвычай лёгка і весела. Ён з маху лэпнуў Рачкоўскага па мясёным плячы і, радасна сьмяючыся казаў:
— Разумею, браце, на ўсе сто процантаў.
— Прыдзецца нам, Сымонка, з табой бадай што ўвесь сьвет перавярнуць… га?.. Праўду я кажу, ці не?
— Ці дзіва, што перавернем. Аж затрашчыць.
І тады Рачкоўскі, важка адкінуўшыся назад, нечакана зарагатаў магутным раздольным сьмехам. Потым суняўся, падышоў да Карызны і самадавольна падміргнуў:
— Сакратара-б яшчэ мне… га?
І лёгенька тыркануў Карызну пад бок. Карызна прамычэў нешта нявыразнае. Ён ведаў, што Рачкоўскі, гэта — так сабе, з форсу, што ён Гайдуком цалком здаволены.
Карызна падабаў Рачкоўскага і сябраваў з ім. Яны ці мала год працавалі разам з ім і тут, у гэтым раёне, і яшчэ там, дзе Карызна раней быў за настаўніка. Бадай што ў адну пару яны й пераехалі сюды, у гэты раён. Зьвязвала іх аднаго з адным, апроч спраў службовых ды партыйных, яшчэ многа чаго інтымнага, пра што ўспаміналі часам яны нібы з сарамлівай, але ў сутнасьці прыемнай і давольнай усьмешкай.
На пленуме райкому было некалькі новых незнаёмых таварышоў, што прыехалі з цэнтру дапамагаць мясцовым працаўніком перабудоўваць вёску. Адзін з гэтых брыгадзіраў чамусьці зьвярнуў асаблівую ўвагу на Карызну. Ён доўга прыглядаўся да яго, бадай што хадзіў сьледам за ім, а тады падышоў і запытаўся:
— Дык гэта вы — Сымон Карызна?
І адкрыта, глядзеў на яго нято наіўнымі, нято хітраватымі вачмі.
Карызна зьдзівіўся.
— Чаму вы пытаецеся?
Замёст адказу той загадкава ўсьміхнуўся і ня кідаў з цікавасьцю разглядаць Карызну. Карызна зноў запытаў:
— Мы можа дзе сустракаліся? Вы мяне знаеце?
Брыгадзір унікліва і нявыразна матнуў галавой (— можа й знаю, але ня будзем пра гэта гаварыць —) і, занядбаўшы Карызнава запытаньне, стаў дапытвацца пра стан работы ў Карызнавай ячэйцы.