Перайсці да зместу

Старонка:Вязьмо (1932).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спакойныя гоні аднаўленчае працы падышла да апошняга штурму старога сьвету. І з сакавітаю свежасьцю ўзьнялося ў Карызны даўнейшае, астоенае карпатлівымі днямі апошніх гадоў: імклівае парываньне наперад, лёгкая ўзьнятасьць і ўпарты, троху гульлівы задор.

Ён чуў, што ў рэспубліцы зачынаецца новая баявая эра.

Сакратар райкому ў сваім дакладзе гаварыў пра вялікі пералом, пра рэконструкцыю, пра рэволюцыйную пераробку вёскі, пра героічны энтузыязм будаўніцтва. Сакратар райкому — з выгляду зусім нязначны чалавек, хударлявы, твар смарчкаваты, нос хоць і даўгі, але ня надта паважны. Вялікія словы ўзьнімалі сакратара райкому, надавалі яму больш сталасьці і разам з тым раскрывалі яго; нават троху дзіўна было, што ў нутры ціхага чалавека столькі стрыманае сілы, энэргіі і запалу.

Карызна памятае, як усяго месяцы з тры таму прыехаў быў у іхны раён таварыш Гайдук, Карызна сядзеў тады акурат у габінэце Рачкоўскага, старшыні РВК. Старшыня РВК, прысядзісты камляваты мужчына з размашыстымі рухамі і грымотным голасам, перш не зважаў зусім на несамавітага наведніка (даўгі пашарпаны кажух, маргелка на галаве, на нагах — грамоздныя боты), потым павёў па ім сярдзіта-дзелавым поглядам і прагрымеў:

— У вас якая справа, таварыш?

І калі той паказаў свае паперы, ён не схаваў свайго шчырага зьдзіўленьня:

— Дык значыць вы — Гайдук?

Гайдук прыехаў быў проста з партыйных курсаў, і ў яго ня было ніводнага чамадана, ніводнае скрыні. Той першы дзень ён аж да цямна праседзеў у габінэце старшыні РВК, і калі нарэшце старшыня запытаў у яго:

— Дзе-ж вашы рэчы?

Ён ціха і спакойна адказаў:

— Мае рэчы вось у портфэлі і ў гэтым клумку. А начаваць я, мабыць, пайду да цябе, старшыня. — Мы яшчэ сёе-тое абмяркуем сягоньня.

Рачкоўскі і Гайдук цалкам дапаўнялі адзін аднаго. Гайдук быў спакойна разважны, строга лёгічны, Рачкоўскі — адрыўчаты, інтуіцыйны. Гайдук быў паступовы і роўны, Рачкоўскі — напорны імклівы. Гайдук знаходзіў і цьвёрда трымаў лінію ў працы раёну, Рачкоўскі абарачаў яе у энэргійна ўдарнае дзеяньне. Заўсёды, як абмяркоўвалі тую ці іншую справу, праводзіў сваю думку Гайдук — так павялося ад першых дзён ягонага прыезду, — але Рачкоўскі скрозь быў упэўнены, што тон дае ён, што ўсё робіцца па ягонану меркаваньню. І кожны раз, як Гайдук рабіў якую трапную пропозыцыю, Рачкоўскі нязьменна ўзіраўся ў яго з шчырым зьдзіўленьнем, быццам казаў сам сабе:

— Бач ты, і ён часам можа людзкае нешта прыдумаць.

На гэтым пленуме лёгічна выразны, мерны (хоць і падкрэсьлены нутраным стрыманым агнём) даклад сакратара райкому