Старонка:Выбраныя творы праблемы культуры, літаратуры і мастацтва.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


У часе гэтай працы Цётку спаткаў цяжкі ўдар: у роднай вёсцы — у Лідчыне — памёр яе бацька. Паехаўшы хаваць бацьку, Цётка і там не ўсядзела без работы: яна аб’яжджала вёскі, дзе панаваў пад той час тыфус, каб даць справаздачу ў Вільні і прасіць помачы для зруйнаваных вайной сялян, — ды тут заразілася на тую хваробу, каторая яе не чапіла ў часе працы ў тыфусовым бараку. Аслабеўшыя ад надмернай грамадзкай працы сілы былі прычынай таго, што Цётка не перанесла хваробы і ў ноч з 4 на 5 лютага аддала Богу душу. Яе пахавалі на вясковых могілкаах — між тымі шэрымі гаротнікамі, для каторых яна працавала ўсё сваё жыцьцё.

Віленскае дэмакратычнае грамадзянства горача адгукнулася на цяжкую ўтрату, якую панясьлі беларусы ў асобе сьв. п. Алёйзіі Кейрысовай. Каб выказаць сваю пашану памёршай без пары грамадзкай працаўніцы, прадстаўнікі дэмакратычных груп спаміж беларусаў, літвінаў, палякаў і жыдоў пачалі складаць чысьленыя ахвяры на найдаражэйшую для памёршай справу — на заложаныя ею беларускія школы ў Вільні.

Другая цяжкая ўтрата беларусоў за 1916 год — гэта сьмерць Аляксандра Ельскага, каторы памёр 27 жніўня ў Міншчыне, у сваім дварэ Замосьці.

У яго асобе зышоў у магілу апошні прадстаўнік таго кірунку, да каторага ў сваім часе прыналежаў Марцінкевіч, Тапчэўскі, Дыбоўскі, а яшчэ раней — Рыпінскі, Чачот і іншыя. Усе яны — ідэолягі «шляхецкага дэмакратызму», каторы, хоць і на свой асаблівы спосаб, прызнаваў сваю павіннасьць працаваць для беларускага народу, апекавацца «меншымі братамі», вясьці іх па дарозе цноты і боязьні Божай. У чысьленых выданьнях сваіх, друкаваных па-беларуску прозай і вершам, Ельскі за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў зьвяртаўся да народу з гарачым прызывам пазбыцца благіх наклоннасьцей, асабліва ж найгоршага ворага нашага — п’янства («Слова аб праклятай гарэлцы» і інш.). Паўчаючы народ у сваіх беларускіх брашурках, ён не зыходзіў з клясавага становішча і ў гэтым быў блізкі Марцінкевічу. Але ў сваей ідэалёгіі заўсёды стараўся апірацца на хрысьціянскай навуцы, і гэта давала яму магчымасьць крытычным вокам глядзець на свой уласны стан, каторы Ельскі пазнаў быў лішне добра і даволі цёмнымі фарбамі адмаляваў у сваей «Гісторыі шляхты». Крытыкуючы, Ельскі рабіў гэта з болем сэрца; асабліва балела яму душа, гледзючы на тое, як апалячаная шляхта адыходзіла ўсё далей і далей ад беларускага сялянства, як між ею і нашым народам вырастае штораз вышэйшы мур, узмацовываецца змаганьне: шчыры хрысьціянін, ён жадаў брацкіх адносін між вёскай і дваром і верыў, што яны могуць запанаваць толькі на грунце збліжэньня шляхты да сялянства, прамаўляючы да «меншых братоў» у іх роднай мове.

Ельскі шчыра кахаў родны край і лічыў, што павінасьць жыхароў нашай зямліцы — працаваць дзеля лепшай долі гэтай апошняй. Яшчэ ў 80-х і 90-х гадох ён пісаў аб гэтым у стацьцях, друкаваных у пецярбурскай польскай газэце «Kraj».

Сьв. п. Аляксандар Ельскі — гэта быў жывы мост, які злучаў нашу цяперашнюю працу і цяперашні рух з цэлай плеядай даўнейшых працаўнікоў на роднай ніве. Баючыся радыкалізму «маладых», ён, аднак, разумеў іх і шчыра спагадаў ім, зыходзячыся зь імі на ацэнцы сучаснай палітыкі дэнацыяналізаванай краёвай інтэлігенцыі. Стаўляючы перад усім праўду і справядлівасьць, ён ня мог згадзіцца з тым, што гэта інтэлігенцыя за крошкі навукі забірае ў нашага народу яго нацыянальную душу, забірае яго матчыну мову і гэтак абкрадывае з найдаражэйшых скарбаў, і ня маючы прылучыць свае слабеючыя сілы да работы «маладых», ён у пастаяннай перапісцы зь імі пасылаў ім свае ўвагі і рады, прызываючы да асьцярожнасьці, разважлівасьці і хрысьціянскага мілаваньня нават сваіх ворагаў. Калі ж для грамадкі беларускіх працаўнікоў наступалі цяжкія мамэнты, ён сьпяшаўся і з матэрыяльнай помаччу, давяраючы ім свае зьберажоныя грошы.