Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданьні (Колас, 1926).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

патайную краму шынка Шварца, у якім быў прыпынак усіх заядлых выпівак.

— Я хачу з панам пагаварыць, — сказаў Паўлюк, падышоўшы да аб’езчыка, пры гэтым ён пастараўся зрабіць, як можна, добрую і прыветную міну.

— Аб чым? — пытае аб’езчык.

— А вот… — Паўлюк трохі замяўся і боязна азірнуўся на ўсе бокі.

— Мо’-б мы з панам зашлі куды-небудзь?

— Куды-ж мы зойдзем?

— Ды зойдзем хоць да Шварца.

Аб’езчыкаў нос адразу зьнюхаў гарэлку.

Мужчыны пашлі, — Паўлюк уперадзе, а за ім Сучынскі.

Усе каморкі ў Шварца былі набіты народам; на падлозе валяліся коркі ад піўных бутэлек; пахла гарэлкаю і селядцамі.

Паўлюк выбраў цёмную каморку і аставіў аб’езчыка, а сам адлучыўся зрабіць заказ нашчот выпіўкі.

Покі Шварц шворыўся з выпіўкаю і закускаю, мужчыны гаварылі аб розных справах: аб тым, як цяпер усё стала дорага, якія пашлі парадкі, успаміналі даўнейшыя часы і г. д.

Тымчасам Шварц прынёс кварту, дзьве чаркі і два селядцы па талерцы. Паўлюк наліў чаркі.