купшчыкі. То там, то сям стаялі кучкі жыдоў і сялян. Адзін сівабароды жыд так заядла таргаваўся, так выкрыкваў і біў сябе кулаком у грудзі, як-бы яму зрабілі кроўную крыўду. Каля крам хадзілі некалькі жанок, шукаючы сваіх мужыкоў. То адна, то другая пыталася сваіх знаёмых.
— Ці ня бачылі майго Грыгора?
А Грыгор у гэты час сядзеў ужо каля бутэлькі і варочаў п’янымі вачыма.
У вадным месцы адно праразьлівае п’янае горла крычала:
— Ты мой наймілейшы прыяцель!
Другое, хрыпатае, лаялася апошнімі славамі, лезучы да першага цалавацца:
— Братка ты мой, халера ты!
Але ня гэта займала Паўлюка. Ён стаяў адзін і пільна прыглядаўся, ці ня згледзіцца дзе шапка з зялёным вярхом. Ужо трох лясьнікоў ён чуць быў ня прыняў за аб’езчыка, і кожны раз ёкала яго сэрца.
— Што-ж гэта ня відаць яго, смрода? — пытаў сам сябе Паўлюк.
— А! унь ён.
Паўлюк аж задрыжаў: у трох кроках ад яго стаяў Сучынскі.
Азіраючыся навокала, Паўлюк сьмела ідзе да аб’езчыка. Ён даўно ўжо выдумаў хітры плян, як залучыць свайго ворага ў