разгаварыліся. А Сьцёпка якраз быў у нядзельку на рынку, хадзіў з жонкай купляць лён.
От і расказвае Сьцёпка, як у хаце крамніка Хацкеля сяляне пабілі поліцэйскага стражніка. Пятрусь Камар з Яблонаўкі і Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі зашлі да Хацкеля выпіць па чарцы… Ну, ці мала які можа быць у людзей інтарэс? Сядзяць сабе яны, выпіваюць. Уходзіць стражнік, садзіцца каля стала, за якім сядзелі Пятрусь з Мікітай, — прыляпіўся, як той клешч да сабачага вуха. Ня гнаць-жа чалавека вон ад стала. Наліваюць і яму чарку, бо ўсякая, лічы, вантроба прагне гарэлкі. І ў стражніка была гэта вантроба, і ён таксама быў ня промах нашчот гарэлкі, асабліва, калі гарэлка гэта нічога не каштуе.
Выпілі адну поўпляшку, выпілі другую, разьвязаліся языкі, зьявілася і рызыка.
— Ну, што-ж? — гаворыць Мікіта стражніку: — ты з намі піў, стаў цяпер і ты.
— А ты знаеш, з кім ты гаворыш? — пытае стражнік.
—. Даволі зірнуць на тваю мардасіну, каб ведаць, якая ты штука, — адказвае Мікіта, падпёршы рукою левы бок.