Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданьні (Колас, 1926).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чога, апрача гэтага палена. А ляжа Паўлюк спаць, прад вачыма так і стаяць палены.

— Ну-ж, гад! Не дажджэ тваё ліха! — скрозь зубы цэдзіць Паўлюк і варочаецца на другі бок.

— Мамка! — крычыць дзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: — я скачваюся; ці няма чаго палажыць збоку?

— Зьлезь, сынок, пашукай каля печы палена і падлажы пад сяньнічок, адзываецца з-пад барахла маці.

Паўлюк сярдзіта варушыцца на пасьцелі і стогне, як зьвязаны стары маркач, каторага стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.

— Чорт іх ведае, якія тут палены! — бунтуецца хлопец: — усё нейкія так плашкі, каб дзе знайсьці крыху таўшчэйшае.

— Пашоў спаць! сну на цябе няма! — не вытрымоўвае Паўлюк і падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек і грукае паленам на ўсю хату.

Паўлюк успамінае Сучынскага і ад злосьці скрыгіча зубамі.

— Што ты, Паўлюк, скрыгічаш? — пытае, лежачы збоку, жонка.

— Нешта, падла, зуб заныў, — лжэ Паўлюк, каб адчапіцца, і варочаецца ад жонкі ў другі бок.