А Міхаська стаў расказваць пра ваўчыцу з чалавечай галавой і расказаў гэта такім тонам, што сьмешна было сумлявацца ў праўдзе.
— Брэшуць! — чуць ня плачучы, сказаў бацька.
— Дальбог, татачка, праўда! Вось, тата, не дасі веры! Спытайся, у каго хочаш.
Але тут у Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у вакно, бо быў пэўны, што ў акне ўжо тырчыць страшная галава.
Памаўчалі.
— Міхаська! — зноў аклікнуў бацька сына, паглядзі ты там на прымурачку мой кайшук з тытуном і прынясі мне яго, сынок: нешта захацелася закурыць.
Гаворачы так, Мікола думаў залучыць да сябе сына і палажыць яго з сабою — усё-ж весялей, як чуеш каля сябе жывую душу.
— Дальбог-жа, татачка, ня ўстану! Зарэж мяне — не падымуся: я чуў — нешта шаўпатала ў качэргах!
— Цьфу, брыда! — вырвалася ў Міколы.
Цяпер ён калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў шчаміць зубы, каб ня ляскалі. Але быў такі момант, што сіла шчамленьня