Хоць вы азалацеце яго — ніколі ня пойдзе ён адзін уночы праз лес. А калі, бывала, захопіць яго ў дарозе шэрая часіна, то каню — бяда! І ўжо яго конік сам ведае: чуць толькі пачне зьмяркацца, ён не чакае, пакуль Мікола будзе тузаць яго лейцамі і паддаваць ахвоты пугай, а сам, пырхнуўшы для сьмеласьці, выгінаў сваю худую шыю з куртатай грывай і борзда драбязіў таўсматымі ножкамі. А калі Мікалаю даводзілася ў такі час ісьці пяхотам, то ён так шпарка йшоў, што прыходзіў дадому ўвесь мокры. Ішоў ён раз вечарам. Да сяла было яшчэ вярсты тры. На небе ўжо пачалі ўсходзіць першыя зоркі. Раптам з-пад ялоўцавага куста вылецела птушачка. Мікола зьнячэўку стаў, і з яго грудзей, проціў яго волі, вылецеў жаласны і доўгі крык:
— А-а-а-й!
II
Ня спалася ў гэту ноч Мікалаю. У хаце з ім быў адзін толькі Міхаська, яго сын, хлопчык гадкоў шасьці. Жонка яшчэ ўдзень пашла да хворай сястры. Пакуль сяло гаманіла, Мікола сяк-так трымаўся і барукаўся са страхам, не даваў яму надта вялікай аблады над сабою. Сон-жа, як на злосьць, ніяк не замыкаў яму вочы. Праў-