ТРЫВОГА
I
Ужо два тыдні, як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чаканьне чагось страшнага і неадхільнага. А што паслужыла першаю прычынаю, дык гэта — вялікая суш. Як толькі пачалася вясна, ніводнага ня было дожджыку. Пасеянае збожжа ў палёх і агароды гібелі. На гэтым грунце й пашлі ўсялякія гутаркі. То тут, то там на вуліцы зьбіраліся мужчыны і жанкі і разьбіралі прычыны, чаму няма дажджу, тут-жа расказвалі розныя страшныя здарэньні апошніх дзён.
А нядаўна пастушкі бачылі такое дзіва, што і ў лысых падымаліся дыбам валасы: на полі совалася ваўчыца, у якой была чалавечая галава. Апроч гэтага, у лесе, як казалі, туляліся катаржнікі, уцёкшыя з астрогу. Усё гэтае, узятае разам, і радзіла той страх і трывогу, што, як туман, віселі над сялом.
А на ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахлівага і баязьлівага чалавека, як ён, трудна знайсьці. Баіцца ён воўка, баіцца нябожчыкаў, разбойніка, чорта.