Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданьні (Колас, 1926).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колы біліся аб карэньне і скрыпелі.

Міхась пасьмялеў.

Гук і скрып калёс зусім ужо блізка.

Міхась скінуў кажух, вывярнуў уверх шэрсьцю і накінуў на сябе. У шапку ўваткнуў дзьве палачкі паміж рожак і прытуліўся пад хвояй.

Іван спаў, як забіты.

Пад’ехаў воз.

На возе ляжалі мяхі з мукой, а на мяхох сядзеў селянін. Гэта быў Пятрусь Гвозд, той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася з лесу тры восі. Пятрусь вяртаўся з млына; боязна азіраючыся па бакох, ён паганяў каня, каб хутчэй мінуць гэта страшнае месца.

IV

— Стой! — крыкнуў Міхась, выскачыў з-пад хвоі і схапіў каня за вобруць.

Пятрусь так і абамлеў.

— Дык вось ён які чорт! — падумаў Міхась. Што-ж тут рабіць?

«Чорт» стаяў і не даваў дарогі.

Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць.

— Уцякай з дарогі, бо камнем-раздушу!

— Як?! ты мяне з дарогі гоніш?