на цябе глядзіць. Убачыў Мікола гэтага сьвятога.
— А ты чаго глядзіш? Першы раз бачыш мяне?
І як заняў качаргою сьвятых — пабіў іх у дрэбезгі.
— Што, будзеце пазіраць на мяне? — спытаў Мікола, кончыўшы расправу.
Сымон і Мікола сварыліся ўжо гадоў са тры, а за апошнія часы сталі і біцца, а гэта азначала, што скора будзе дзяліцьба.
Сымон і Мікола ў нашым сяле былі тым, чым у горадзе тэатр, толькі што білетаў ня трэба браць: прыходзь сабе, слухай, пазірай, весялі сваю душу.
І Карусь з-пад карчмы кожны вечар стукаў у вакно свайго суседа Базыля.
— Чаго ты? — пытаўся Базыль.
— Хадзем у Сьвіную вуліцу: зараз будзе бой.
Базыль апранаў кажух, браў капшук з люлькай і йшоў на двор. Закурыўшы люлькі, яны йшлі ў Сьвіную вуліцу. Карусь паперадзе, Базыль на два крокі ззаду. У Базыля ў люльцы быў цыбук просты, у Каруся — крывы. Дым з Базылёвай люлькі йшоў згары, а з Карусёвай — зьнізу.