Старонка:Востраў скарбаў.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усім дагадаўся-бы і прыняў-бы меры перасцярогі. Але гэтая перахітрыла мяне.

— Капітан, — сказаў доктар, — перахітрыў вас Джон Сільвер, ён надзвычайны чалавек.

— Ён быў-бы яшчэ больш надзвычайны, калі-б боўтаўся на рэе, — запярэчыў капітан. — Але ўсе гэтыя размовы цяпер ні навошта. З усяго сказанага я зрабіў сякія-такія вывады і, калі містэр Трэлоўні дазволіць, далажу іх вам.

— Вы тут капітан, сэр, распараджайцеся! — велічыва сказаў містэр Трэлоўні.

— Па-першае, — заявіў містэр Смолет, — мы павінны працягваць усё, што пачалі, таму што адступленне нам адрэзана. Калі я толькі спамяну аб звароце, яны ўзбунтуюцца зараз-жа. Па-другое, у нас яшчэ ёсць час — хоць-бы да той пары, пакуль мы адшукаем скарб. Па-трэцяе, сярод каманды асталіся яшчэ верныя людзі. Рана або позна, а нам давядзецца ўступіць з гэтай шайкай у бой. Я прапаную не паказваць ім выгляду, што мы ведаем аб іх замыслах, а напасці на іх першымі, знянацку, калі яны менш за ўсё чакаюць гэтага. Мне здаецца, мы можам пакладацца на вашых слуг, містэр Трэлоўні.

— Як на мяне самога, — заявіў сквайр.

— Іх трое, — сказаў капітан. — Ды нас трое, ды Гоўкінс — вось ужо сем чалавек. А на каго можна пакладацца з каманды.

— Напэўна, на тых, каго Трэлоўні наняў сам, без дапамогі Сільвера, — сказаў доктар.

— Не, — пярэчыў Трэлоўні. — Я і Гэндса наняў сам, а між тым…

— Я таксама не зусім давяраў Гэндсу, — прызнаўся капітан.

— І толькі падумаць, што ўсе яны англічане! — усклікнуў сквайр. — Сапраўды, сэр, мне хочацца ўзарваць увесь карабль у паветра.

— Такім чынам, джэнтльмены, — працягваў капітан, — вось усё, што я магу прапанаваць. Мы павінны быць напагатове, чакаючы зручнага выпадку. Згодзен, што гэта не зусім лёгка. Больш прыемна было-б напасці на іх зараз-жа. Але