Старонка:Востраў скарбаў.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

узлазіць на дрэвы, ты будзеш паляваць за дзікімі козамі. І сам, быццам каза, будзеш скакаць па горах. Сапраўды, гледзячы на гэты востраў, я і сам раблюся малады і забываю пра сваю драўляную нагу. Добра быць хлопчыкам і мець на нагах дзесяць пальцаў. Калі ты захочаш пайсці і пазнаёміцца з востравам, скажы старому Джону, і ён прырыхтуе табе закуску на дарогу.

І, хлопнуўшы мяне па-прыяцельску па плячы, ён закульгаў прэч.

Капітан Смолет, сквайр і доктар Лівсі размаўлялі аб чымсьці на шканцах. Я хацеў як мага хутчэй перадаць ім усё, пра што мне ўдалося даведацца. Але я баяўся пры ўсіх перарваць іх гутарку. Я хадзіў навакол, вышукваючы спосабы загаварыць, як раптам доктар Лівсі паклікаў мяне да сябе. Ён забыў унізе сваю люльку і хацеў паслаць мяне за ёй, таму што не мог доўга абыходзіцца без таго, каб не закурыць. Але, падышоўшы да яго нагэтулькі блізка, што ніхто не мог мяне паслухаць, я прашаптаў:

— Доктар, мне трэба з вамі пагаварыць. Няхай капітан і сквайр спусцяцца ў каюту, а пасля, з якога-небудзь поваду вы паклічаце мяне. Я паведамлю вам жахлівыя навіны.

Доктар крыху змяніўся ў твары, але зараз-жа авалодаў сабой.

— Дзякую, Джым, гэта ўсё, пра што я хацеў даведацца, — сказаў ён, робячы выгляд, быццам толькі што запытаў мяне аб чымсьці.

Пасля павярнуўся да сквайра і капітана. Яны працягвалі гутарку зусім спакойна, не ўзнімаючы голасу, але я зразумеў, што доктар Лівсі перадаў ім маю просьбу. Затым капітан загадаў Джобу Эндэрсону выклікаць усю каманду на палубу.

— Хлопцы, — сказаў капітан Смолет, звяртаючыся да матросаў, — я хачу пагаварыць з вамі. Вы бачыце перад сабой зямлю. Гэтая зямля — той востраў, да якога мы плылі. Усе мы ведаем, які шчодры чалавек містэр Трэлоўні. Ён спытаў у мяне, ці добра працавала каманда ў часе плавання. І я адказаў, што кожны матрос старанна выконваў свой абавязак і што мне ніколі не даводзілася жадаць, каб вы працавалі лепш. Містэр Трэлоўні, я і доктар, мы ідзем