Старонка:Востраў скарбаў.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

карабля ведаў усе назвы, якія далі піраты тутэйшым месцам. Вось тая гара, на поўначы, называецца Фок-мачтай. З поўначы на поўдзень тут тры гары: Фок-мачта, Грот-мачта і Бізань-мачта, сэр. Але Грот-мачту — тую высокую гару, якая пакрыта туманам, — часцей называюць Падзорнай Трубой, таму што піраты ўстрайвалі там назіральны пост, калі стаялі тут на якары і папраўлялі свае караблі. Яны тут звычайна папраўлялі свае караблі, прашу прабачэння, сэр.

У мяне ёсць карта, — сказаў капітан Смолет. — Паглядзіце, ці той гэта востраў?

Вочы Доўгага Джона забліскалі агнём, калі карта папала яму ў рукі. Але адразу-ж расчараванне затуманіла іх. Гэта была не тая карта, якую мы знайшлі ў скрынцы Білі Бонса, гэта была яе дакладная копія — з назвамі, з азначэннямі мелей і глыбінь, але без трох чырвоных крыжыкаў і рукапісных заўваг. Аднак, не гледзячы на ўсю адчутую прыкрасць, Сільвер стрымаўся, і не выдаў сябе.

— Так, сэр, — сказаў ён. — Ён вельмі добра нарысаваны. Цікава было-б даведацца, хто мог нарысаваць гэтую карту. Піраты — людзі невучоныя. А, вось і стаянка капітана Кіда — так называў яе і мой таварыш матрос. Тут моцнае цячэнне на поўдзень. Потым каля заходняга берага яно заварочвае на поўнач. Вы правільна зрабілі, сэр, — працягваў ён, — што пачалі трымаць больш крута да ветру. Калі вы хочаце зайсці ў бухту і кінуць якар, лепшага месца для стаянкі вам тут не знайсці.

— Дзякую, — сказаў капітан Смолет. — Калі мне патрэбна будзе дапамога, я эноў звярнуся да вас. Можаце ісці.

Я быў здзіўлен тым, як стрымна Джон выявіў сваё знаёмства з востравам. Прызнацца, я спалохаўся калі ўбачыў, што ён падыходзіць да мяне. Зразумела, ён не ведаў, што я сядзеў у бочцы і ўсё чуў. І ўсё-ж ён наводзіў на мяне такі жах сваёй жорсткасцю, сваёй двулічнасцю, сваёй велізарнай уладай над карабельнай камандай, што я ледзь утрымаўся, каб не ўздрыгануцца, калі ён паклаў руку мне на плячо.

— Някепскае месца гэты востраў, — сказаў ён. — Някепскае месца для хлопчыка. Ты будзеш купацца, ты будзеш