Старонка:Востраў скарбаў.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Значыцца, на караблі аставаліся яшчэ верныя нам людзі!

Калі Дзік вярнуўся, усе трое па чарзе ўзялі жбан і выпілі — адзін „за шчасце“, другі „за старога Флінта“, а Сільвер нават праспяваў:

За вецер здабычы, за вецер удачы!
Каб весела й багата жылі мы, не йначай!

У бочцы пасвятлела. Глянуўшы ўверх, я ўбачыў, што ўзняўся месяц, які пасерабрыў круйсмарс і ўздуўшыся фок-зейл. І ў тую-ж хвіліну з вахты раздаўся голас: — Зямля!

Раздзел ХІI

ВАЕННАЯ НАРАДА

Палуба загрымела ад тупату. Я чуў, як людзі выбягалі з каюты і кубрыка. Выскачыўшы з бочкі, я праслізнуў за фок-зейл, два разы абагнуў карму, вышаў на адкрытую палубу і разам з Гэнтэрам і доктарам Лівсі прыбег на нос.

Тут ужо сабралася ўся каманда. Туман са з'яўленнем месяца адразу рассеяўся. Воддаль на паўднёвым захадзе мы ўбачылі два нізкія ўзгоркі, а за імі трэці, вышэйшы, яшчэ ахутаныя шэрым туманам. Усе тры былі правільнай канічнай формы.

Я глядзеў на іх, як скрозь сон, — я не паспеў яшчэ апамятацца ад нядаўняга жаху. Пасля я пачуў голас капітана Смолета, аддаваўшага загады. „Іспан'ёла” павярнулася больш крута да ветру і ішла да вострава з усходняга боку.

— Хлопцы, — сказаў капітан, калі ўсе яго загады былі выкананы, — ці бачыў хто-небудзь з вас гэтую зямлю раней.

— Я бачыў, сэр, — сказаў Сільвер. — Мы бралі тут прэсную ваду, калі я служыў поварам на гандлёвым судне.

— Здаецца, стаць на якар найбольш зручна з поўдня, за гэтым маленькім астраўком? — спытаў капітан.

— Так, сэр. Гэты астравок назывзецца Востраў шкілета. Раней тут заўсёды спыняліся піраты, і адзін матрос з нашага