Старонка:Востраў скарбаў.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ты храбры хлопец і вельмі недурны, — адказаў Сільвер і так палка паціснуў працягненую руку, што бочка мая захісталася. — З цябе выйдзе такі выдатны джэнтльмен удачы, якога я яшчэ ніколі не бачыў.

Мала-па-малу я пачаў разумець тую мову, на якой яны гутарылі. „Джэнтльменамі ўдачы“ яны называлі піратаў. Я быў мімавольным сведкай таго, як спакушалі сумленнага матроса ўступіць у гэтую разбойніцкую шайку, — магчыма, апошняга сумленнага матроса на ўсім караблі. Аднак, я зараз-жа мог пераканацца, што гэты матрос не адзін. Сільвер ціхенька свіснуў, і да бочкі падсеў яшчэ нехта.

— Дзік ужо наш, — сказаў Сільвер.

— Я ведаў, што ён будзе нашым, — пачуў я голас другога боцмана, Ізраэля Гэндса. — Ён не з дурных, гэты Дзік.

Некаторы час ён моўчкі жуў табаку, пасля сплюнуў і звярнуўся да Доўгага Джона:

— Скажы, Кумпяк, ці доўга мы будзем віляць, як маркітанская лодка? Клянуся громам, мне да смерці надакучыў капітан. Даволі яму нада мной камандаваць! Я хачу жыць у капітанскай каюце, мне патрэбны іхнія рознасолы ды віны.

— Ізраэль, — сказаў Сільвер, твая мазгаўня вельмі не многа варта, таму што ў ёй ніколі не было мазгоў. Але слухаць ты можаш, вушы ў цябе доўгія. Дык слухай: ты будзеш спаць паранейшаму ў кубрыку, ты будзеш есці грубую ежу, ты будзеш паслухмяны, ты будзеш пачцівы і ты не вып'еш ні кроплі віна да той пары, пакуль я не скажу табе патрэбнага слова. Ва ўсім пакладайся на мяне, мой сынок.

— Хіба я адмаўляюся? — прабурчэў другі боцман. — Я толькі пытаю: калі?

— Калі? — закрычаў Сільвер. — Добра, я скажу табе, калі. Як мага пазней, вось калі. Капітан Смолет, першарадны марак, для нашай-жа выгады вядзе наш карабль. У сквайра і доктара ёсць карта, але хіба я ведаю, дзе яны хаваюць яе! І ты таксама не ведаеш. Дык вось, няхай сквайр і доктар знойдуць скарб і дапамогуць нам пагрузіць яго на карабль. А тады мы пабачым. Калі-б я быў упэўнены ў та-