Старонка:Востраў скарбаў.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

у плаванне з сотнямі медных грошай, а вяртаюцца з сотнямі фунтаў. Прап'юць здабычу, растрацяць грошы — ды зноў у мора, у адных кашулях. Але я раблю не так. Я ўкладваю ўсе грошы часткамі ў розныя банкі, каб не выклікаць падазрэння. Мне пяцьдзесят год, заўваж. Вярнуўшыся з гэтага плавання, я буду жыць, як жывуць самыя сапраўдныя джэнтльмены. Годзе мне, кажаш? Ну што-ж, я пажыў някепска. Ніколі ні ў чым сабе не адмаўляў. Мякка спаў і смачна еў. Толькі ў моры даводзілася часам тугавата. А як я пачаў? Матросам як ты.

— Аднак-жа ранейшыя вашы грошы цяпер прападуць, — сказаў малады матрос. — Як вы пакажэцеся ў Брыстолі пасля гэтага плавання?

— А дзе, па-твойму, цяпер мае грошы, — запытаў Сільвер насмешліва.

— У Брыстолі, у банках ды іншых месцах, — адказаў матрос.

— Так, яны былі там, — сказаў повар. — Яны былі там, калі мы падымалі наш якар. Але цяпер мая старая ўжо ўзяла іх адтуль. „Падзорная Труба“ прададзена з усімі патрахамі, а старая выехала і чакае мяне ва ўмоўленым месцы. Я-б сказаў табе, дзе гэта месца, таму што цалкам давяраю табе, ды баюся, астатнія пакрыўдзяцца, чаму я не сказаў і ім.

— А сваёй старой вы давяраеце? — спытаў матрос.

— Джэнтльмены ўдачы, — адказаў повар, — рэдка давяраюць адзін аднаму і гэта правільна. Але мяне ашукаць нялёгка. Хто паспрабуе зрабіць якую-небудзь каверзу старому Джону, нядоўга пражыве на гэтым свеце. Адны баяліся П'ю, другія — Флінта. А мяне баяўся сам Флінт. Баяўся мяне і ганарыўся мною… Каманда ў яго была адважная. Сам чорт, і той не рашыўся-б пусціцца з ёй у адкрытае мора. Ты мяне ведаеш, я выхваляцца не буду, я добрадушны і вясёлы чалавек, але, калі я быў кватэрмейстар, старыя піраты Флінта слухаліся мяне, як авечкі. О-го-го, якая дысцыпліна была на судне ў старога Джона!

— Скажу вам адкрыта, — прызнаўся матрос, — да гэтай размовы, Джон, справа ваша была мне зусім не да густу. Але цяпер вось мая рука, я згодзен.