Старонка:Востраў скарбаў.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скарбаў. Кірунак трымалі на поўдзень-паўднёва-захад. Дзьмуў роўны вецер. Мора было спакойнае. „Іспан'ёла“ імчалася наперад, часам зарываючыся ў хвалю носам. Усё ішло вельмі добра. Усе знаходзіліся ў надзвычайным настроі, усе радаваліся сканчэнню першай паловы нашага плавання.

Калі зайшло сонца і работа мая была скончана, я, накіроўваючыся да свайго ложка, раптам падумаў, што някепска было-б з'есці яблык. Хутка выбег я на палубу. Вахценныя стаялі на носе і глядзелі ў мора, спадзяючыся ўбачыць востраў. Рулявы, назіраючы за паветраным кутом парусаў, ціхенька пасвістваў. Усё было ціха, толькі вада шамацела за бортам.

Аказалася, што ў бочцы ўсяго адзін яблык. Каб дастаць яго, мне давялося ўлезці ў бочку. Седзячы там у цемры, убаюканы пляскам вады і роўным калыханнем карабля, я ледзь не заснуў. Раптам нехта важка апусціўся побач з бочкай на палубу. Бочка ледзь-ледзь захісталася: ён абапёрся аб яе спіной. Я ўжо рыхтаваўся выскачыць, як раптам гэты чалавек загаварыў. Я пазнаў голас Сільвера, і, раней чым ён паспеў вымавіць дзесяць слоў, я рашыў не вылазіць з бочкі ні за што на свеце. Я ляжаў на дне, дрыжэў і ўслухоўваўся, задыхаючыся ад страху і цікавасці. З першага-ж дзесятка слоў я зразумеў, што жыццё ўсіх сумленных людзей на караблі знаходзіцца ў мяне ў руках.

Раздзел ХІ

ШТО Я ПАЧУЎ, СЕДЗЯЧЫ Ў БОЧЦЫ З-ПАД ЯБЛЫК

— Не, не я, — сказаў Сільвер. — Капітанам быў Флінт. А я быў кватэрмейстар, таму што ў мяне нага драўляная. Я страціў нагу ў тым-жа баі, у якім стары П'ю страціў свае вочы. Мне ампутыраваў яе вучоны хірург — ён вучыўся ў каледжы і ведаў усю латынь напамяць. А ўсё-ж не выкруціўся ад шыбеніцы — яго падцягнулі ў Корсо-Касле, як сабаку, сушыцца на сонейку… Побач з іншымі. Так! Гэта былі людзі Робертса, і загінулі яны, таму што змянялі назвы сваіх караблёў. Сёння карабль называецца „Каралеўскае