Старонка:Востраў скарбаў.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ласкавым. Усякі раз радаваўся, калі я заходзіў да яго на кухню, якую ён утрымоўваў у здзіўляючай чыстаце. Начынне ў яго заўсёды было акуратна размешчана і вычышчана да бляску. У куце, у клетцы, сядзеў папугай.

— Гоўкінс, — казаў ён мне. — Заходзь, пагутары з Джонам. Нікому я не радуюся так, як табе, сынок. Сядай і паслухай. Вось капітан Флінт — я назваў майго папугая Капітанам Флінтам у гонар славутага пірата, — дык вось, Капітан Флінт прадракае, што наша плаванне скончыцца ўдачна. Верна, Капітан?

І папугай пачынаў з неймавернай хуткасцю паўтараць:

— Піястры! Піястры! Піястры!

І паўтараў датуль, пакуль не знясілеў, або пакуль Джон не кідаў на яго клетку хустку.

— Гэтай птушцы, — казаў ён, — напэўна, год дзвесце, Гоўкінс. Папугаі жывуць бясконца. Хіба толькі чорт пабачыў на сваім вяку столькі зла, колькі мой папугай. Ён плаваў з Інглэндам, з праслаўленым капітанам Інглэндам, піратам. Ён быў на Мадагаскары, на Малабары, у Сурынаме, у Провідэнсе, у Порто-Бэло. Ён бачыў, як вылаўліваюць груз з патануўшых караблёў. Вось тады ён навучыўся крычаць: „Піястры“. І тут няма чаму здзіўляцца. У той дзень вылавілі трыста пяцьдзесят тысяч піястраў, Гоўкінс! Гэты папугай прысутнічаў пры нападзе на віцэ-караля Вест-Індыі недалёка ад Гоа. А па выгляду ён здаецца дзіцянём. Але ты панюхаў пораху! Ці не праўда, Капітан?

— Паварочвай на другі галс! — крычаў папугай.

— Ён у мяне выдатны марак, — прыгаварваў повар і частаваў папугая кавалачкамі цукру, якія даставаў з кішэні.

Папугай даўбаў дзюбай клеткавыя краты і лаяўся непрыстойнымі словамі.

— Пажывеш сярод дзёгцю, мімаволі запэцкаешся, — вытлумачыў мне Джон. — Гэта бедная старая нявінная птушка лаецца, як тысяча чарцей, але яна не разумее, што кажа. Яна лаялася-б, як кажуць, і перад панам богам.

Пры гэтых словах Джон так урачыста дакранаўся да пасмы валос, якая звісала з ілба, што я палічыў яго за найбольш шляхетнага чалавека ў свеце.