Старонка:Востраў скарбаў.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

плаванне. Я надзвычай добра сябе адчуваю, ем як бык, сплю, як бервяно. І ўсё-ж я не буду цалкам шчаслівы, пакуль вецер не раздзьме нашых парусаў. У адкрытае мора! Да чорта скарбы! Мора, а не скарбы, кружыць мне галаву. Такім чынам, Лівсі, прыязджайце хутчэй. Не трацце ні гадзіны, калі вы мяне паважаеце.

Адпусціце маладога Гоўкінса адвітацца з маткай. Рэдрэт можа суправаджаць яго. Потым хай абодва, не трацячы часу, імчацца ў Брыстоль.

Джон Трэлоўні.

Post scriptum[1]. Забыў вам паведаміць, што Блэндлі, які, дарэчы, абяцаў паслаць нам на дапамогу другі карабль, калі мы не вернемся да жніўня, знайшоў для нас выдатнага капітана. Капітан гэты вельмі добры чалавек, але, на жаль, упарты, як чорт. Доўгі Джон Сільвер адшукаў нам вельмі добра ведаючага сваю справу штурмана, які завецца Эроў. А я, Лівсі, дастаў боцмана, які ўмее граць на ражку. Як бачыце, на нашай дарагой „Іспан'ёле“ ўсё будзе, як на сапраўдным ваенным караблі.

Забыў напісаць вам, што Сільвер — чалавек заможны. Паводле маіх вестак, у яго бягучы рахунак у банку, і не маленькі. Таверну сваю ён на час падарожжа перадае жонцы. Жонка яго не належыць да белай расы. І такім старым нежанатым, як мы з вамі выбачна западозрыць, што менавіта жонка, а не дрэннае здароўе, гоніць яго ў адкрытае мора.

Д. Т.

P.P.S. Гоўкінс можа пабыць адзін вечар у сваёй маці.

Д. Т.“

Няцяжка ўявіць сабе, як усхвалявала мяне гэта пісьмо. Я быў у незвычайным захапленні. Усім сэрцам зневажаў я старога Тома Рэдрэта, які толькі бурчэў і скуголіў. Кожны з малодшых егераў са здавальненнем паехаў-бы замест яго. Але сквайр хацеў, каб ехаў Том Рэдрэт, а жаданне сквайра было для іх законам. Ніхто, апрача старога Рэдрэта, не асмеліўся-б нават і прабурчэць.

  1. Дадатак да ліста (пасля подпісу).