Старонка:Востраў скарбаў.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тыдзень ішоў за тыднем. Нарэшце, у адзін прыгожы дзень мы атрымалі пісьмо. Яно было адрасавана доктару Лівсі, але на канверце стаяла прыпіска:


„Калі доктар Лівсі яшчэ не вярнуўся, пісьмо распячатаць Тому Рэдрэту ці маладому Гоўкінсу“.


Разарваўшы канверт, мы прачыталі — праўдзівей я прачытаў, таму што егер разбіраў толькі друкаваныя літары, — наступныя важныя паведамленні:


„Гасцініца „Стары Якар“, Брыстоль, 1 сакавіка 17… года. Дарагі Лівсі:


Не ведаю, дзе вы знаходзіцеся, у сядзібе ці ўсё яшчэ ў Лондане, — пішу адначасова і туды і сюды.

Карабль куплены і прырыхтаваны. Ён стаіць на якары гатовы выйсці ў мора. Лепш за нашу шхуну і ўявіць сабе нічога нельга. Кіраваць ёй можа дзіцё. Памер яе — дзвесце тон, назва „Іспан'ёла“.

Набыць яе дапамог мне мой стары прыяцель Блэндлі, які аказаўся дзіўна зручным дзяльцом. Гэты мілы чалавек працаваў для мяне, як чорнаскуры. Дык, і кожны ў Брыстолі стараўся дапамагчы мне, варта было толькі намякнуць, што мы адпраўляемся па наш скарб…“

— Рэдрэт, — сказаў я, спыняючыся чытаць. — Доктару Лівсі гэта зусім не спадабаецца. Значыцца, сквайр усё разбалтаў…

— А хто больш важны, сквайр ці доктар? — прабурчэў егер. — Няўжо сквайр павінен маўчаць, каб дагадзіць нейкаму доктару Лівсі?

Я ведаў, што спрачацца дарэмна, і пачаў чытаць далей:


„Блэндлі сам адшукаў „Іспан'ёлу“, і, дзякуючы яго спрытнасці, яна дасталася нам літаральна за дробязі. Праўда, у Брыстолі ёсць людзі, якія цярпець не могуць Блэндлі. Яны маюць нахабнасць сцвярджаць, быццам гэты сумленнейшы чалавек клапоціцца толькі дзеля барыша, быццам „Іспан'ёла“ належыць яму самому і быццам ён прадаў яе мне па ўтроенай цане. Хлуслівасць гэ-