Старонка:Востраў скарбаў.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ


КАРАБЕЛЬНЫ ПОВАР

Раздзел VIІ

Я ЕДУ Ў БРЫСТОЛЬ

На падрыхтоўку да плавання спатрабавалася значна больш часу, чымся ўяўляў сабе сквайр. Ды наогул усе нашы першапачатковыя планы давялося змяніць. Перш за ўсё не ажыццявілася жаданне доктара Лівсі не разлучацца са мной: яму давялося адправіцца ў Лондан шукаць урача, які замяніў-бы яго ў нашых мясцінах на час яго адсутнасці. У сквайра было шмат работы ў Брыстолі. А я жыў у сядзібе пад даглядам старога егера Рэдрэта, бадай як палоннік, ахоплены марамі аб невядомых астравах і аб марскіх прыгодах. Шмат гадзін правёў я над картай і вывучыў яе напамяць. Седзячы каля агню ў пакоі кіраўніка дома, я ў марах сваіх падплываў да вострава з розных бакоў. Я даследаваў кожны яго вяршок, тысячы разоў узыходзіў на высокі ўзгорак, названы Падзорнай Трубой, і любаваўся адтуль дзівосным, заўсёды мяняючымся, краявідам. Часам востраў кішэў дзікунамі, і мы павінны былі адбівацца ад іх. Часам ён быў запоўнены дзікімі звярамі і мы павінны былі ўцякаць ад іх. Але ўсе гэтыя выабражальныя прыгоды аказаліся дробяззю ў параўнанні з тымі дзіўнымі і трагічнымі прыгодамі, якія адбыліся ў сапраўднасці.