Старонка:Востраў скарбаў.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перада мной на адным з маленькіх столікаў паставілі вялікую порцыю галубінага паштэта. Я быў галодны, як воўк, і павячэраў з вялікім здавальненнем. А тым часам Дэнс, выслухаўшы некалькі новых пахвал, адышоў.

— Ну, сквайр, — сказаў доктар.

— Ну, доктар, — сказаў сквайр.

— У адно слова! — засмяяўся доктар Лівсі. — Спадзяюся, вы чулі пра гэтага Флінта?

— Ці чуў я аб Флінце? — усклікнуў сквайр. — Вы пытаецеся, ці чуў я аб Флінце? Гэта быў самы крыважэрны пірат з усіх, якія калі-небудзь плавалі па мору. Чорная Барада перад Флінтам дзіцянё. Іспанцы так баяліся яго, што, прызнаюся вам, сэр, я часам ганарыўся, што ён англічанін. Аднойчы каля Трынідада я бачыў у водлалі верхавінкі яго парусаў, але наш капітан струсіў і зараз-жа павярнуў назад, сэр, у Порт-Оф-Спэн[1].

— Я чуў пра яго тут, у Англіі, — сказаў доктар. — Але вось пытанне: ці былі ў яго грошы?

— Грошы! — ускрыкнуў сквайр. — Хіба вы не чулі, аб чым расказваў Дэнс? Чаго маглі шукаць гэтыя злачынцы, калі не грошай? Што ім патрэбна, апрача грошай? Дзеля чаго, апрача грошай, яны рызыкавалі-б сваёй шкурай?

— Мы хутка ўбачым дзеля чаго яны рызыкавалі шкурай, — адказаў доктар. — Вы так гарачыцеся, што не даеце мне слова сказаць. Вось што я хацеў-бы высветліць: дапусцім, тут, у мяне ў кішэні, знаходзіцца ключ, з дапамогай якога можна даведацца дзе Флінт схаваў свае скарбы. Ці варта дабірацца да гэтых скарбаў.

— Дабірацца! сэр! — закрычаў сквайр. — Ці варта дабірацца? Дык слухайце! Калі толькі сапраўды ў нашых руках знаходзіцца ключ, аб якім вы кажаце, я безадкладна ў брыстольскіх доках прырыхтую адпаведны карабль, бяру з сабой вас і Гоўкінса і еду дабываць гэты скарб, хоць-бы нам давялося шукаць яго цэлы год.

— Вельмі добра, — сказаў доктар. — У такім разе, калі Джым згодзен, давайце распакуем пакет.

  1. Порт-Оф-Спэн — сталіца вострава Трынідад.