Старонка:Востраў скарбаў.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чыма, забылі аб ім з перапугу, а магчыма, знарок, каб помсціць за лаянку і біццё. Астаўшыся адзін, ён у шаленстве стукаў палкай па дарозе і, выцягваючы рукі, клікаў таварышоў, але канчаткова збіўся з дарогі і, замест таго, каб бегчы да мора, пабег у напрамку да пасёлка.

Ён праімчаўся за некалькі крокаў ад мяне, прымаўляючы плаксівым голасам:

— Джонні, Чорны Пёс, Дэрк! Дык вы-ж не пакінеце старога П'ю, дарагія таварышы, сапраўды вы не пакінеце старога П'ю!

Конскі тупат між тым набліжаўся. Ужо можна было распазнаць пяць ці шэсць коннікаў, асветленых месяцам. Яны несліся наўскачкі ўніз па склону ўзгорка.

Тут сляпы сцяміў, што ідзе не туды, куды трэба. Ускрыкнуўшы, ён павярнуўся, пабег проста да прыдарожнай канавы і зваліўся ў яе. Але зараз-жа ўзняўся і, звар'яцеўшы, выкарабкаўся зноў на дарогу, якраз пад ногі бліжэйшаму каню, што скакаў наперадзе ўсіх.

Коннік хацеў ратаваць яго, але было позна. Роспачлівы крык сляпога, здавалася, разарваў начную цемру. Чатыры конскія капыты змялі і расціснулі яго. Ён паваліўся на бок, павольна перавярнуўся нічком і больш не варушыўся.

Я ўскочыў на ногі і аклікнуў коннікаў. Яны таўпіліся вакол сляпога, перапалоханыя здарыўшымся няшчасцем. Я адразу-ж пазнаў іх. Той, што скакаў ззаду ўсіх, быў той самы юнак, які ўзяўся з'ездзіць з пасёлка па доктара Лівсі. Астатнія былі стражнікамі мытніцы, якіх ён сустрэў на дарозе. У яго хапіла розуму паклікаць іх на дапамогу. Чуткі аб нейкім караблі ў Логаве Кіта і раней даходзілі да начальніка мытніцы, місцера Дэнса. Дарога да Логава Кіта ішла міма нашай карчмы, і Дэнс зараз-жа паскакаў туды са сваім атрадам. Дзякуючы гэтай шчаслівай выпадковасці мы з маткай выратаваліся ад немінучай смерці. П'ю быў адразу забіты. Матку маю мы аднеслі ў вёску. Там далі ёй панюхаць араматычнай солі, аблілі яе зімнай вадой, і яна ачуняла. Не гледзячы на ўсе перажытыя страхі, яна ўсё скардзілася, што не паспела ўзяць з капітанавых грошай усю суму, якая належала ёй па закону.