Старонка:Востраў скарбаў.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта Дэрк, — сказаў адзін, — чуеце: ён свішча два разы. Трэба ўцякаць, хлопцы.

— Уцякаць?! — крыкнуў П'ю. — Ах, вы, дурні! Дэрк заўсёды быў дурань і трус. Няма чаго слухаць Дэрка. Яны недзе тут, блізка. Яны не маглі ўцячы далёка. Вы павінны іх знайсці. Шукайце-ж, псы! Шукайце! Шукайце ва ўсіх закутках. О, чорт, — ускрыкнуў ён, — каб былі-б у мяне вочы!

Гэты крык крыху падбадзёрваў разбойнікаў. Двое з іх пачалі бегаць паміж дрэвамі ў гаі, але неахвотна, ледзь рухаючыся. Яны, як мне здалося, больш думалі аб уцёку, чымся аб пошуках. Астатнія збянтэжана стаялі пасярод дарогі.

— У вас у руках тысячы, а вы марудзіце, як ідыёты. Калі вы знойдзеце гэтую паперу, вы зробіцеся багацей за караля. Папера гэтая тут, за два крокі, а вы ўхіляецеся і мяркуеце ўцячы. Сярод вас не знайшлося ніводнага смельчака, які рызыкнуў-бы схадзіць да Біля і даць яму чорны знак. Гэта зрабіў я, сляпы! Праз вас я губляю сваё шчасце. Я павінен поўзаць у жабрацтве і выпрашваць капейкі на шкляначку, тады як я мог-бы раз'язджаць у карэтах.

— Дык-жа грошы ў нас, — прабурчэў адзін.

— А паперу яны, мабыць, прыхавалі, — дадаў другі. — Бяры грошы, П'ю, і перастань шалець.

П'ю, і сапраўды, быў як шалёны. Апошнія пярэчанні разбойнікаў канчаткова раз'ярылі яго. У прыпадку лютай злосці ён падняў сваю качарэжку і, кінуўшыся ўсляпую на таварышоў, пачаў частаваць іх ударамі.

Тыя, у свой чарод, адказалі паганцу лаянкай, праваджаючы яе жудаснымі пагрозамі. Абкружыўшы яго, яны спрабавалі расшчаміць яго пальцы, каб вырваць качарэжку з яго кулака.

Гэтая сварка была ратункам для нас.

Пакуль яны біліся і лаяліся, з узгоркаў з боку пасёлка пачуўся конскі тупат. Бадай у тую-ж хвіліну дзесьці за плотам грымнуў пісталетны стрэл і бліснуў агеньчык. Гэта быў апошні сігнал. Ён азначаў, што небяспека блізка. Разбойнікі рынуліся ў розныя бакі — адны да мора, па беразе бухты, іншыя ўверх, па адкосу ўзгорка. Праз поўхвіліны на дарозе астаўся адзін П'ю. Яны кінулі яго аднаго, — маг-