Старонка:Востраў скарбаў.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

СТАРЫ ПІРАТ

Раздзел І

СТАРЫ МАРСКІ ПЁС У КАРЧМЕ „АДМІРАЛ БЕНБОЎ“

Сквайр Трэлоўні, доктар Лівсі ды іншыя джентльмены папрасілі мяне напісаць усё, што я ведаю аб Востраве скарбаў. Ім хочацца, каб я расказаў усю гісторыю ад самага пачатку да канца, не утойваючы ніякіх падрабязнасцей, акрамя геаграфічнага месцазнаходжання вострава. Паказваць, дзе знаходзіцца гэты востраў, у сучасны момант яшчэ немагчыма, таму што і зараз там знаходзяцца скарбы, якіх мы не вывезлі адтуль. І вось у сучасным, 17… годзе я бяруся за пяро і вяртаюся думкамі да таго часу, калі ў майго бацькі была карчма „Адмірал Бенбоў“, а ў гэтай карчме пасяліўся стары загарэлы марак з шаблевым шрамам на шчацэ.

Я памятаю — быццам гэта было ўчора, — як, цяжка ступаючы, ён дацягнуўся да нашых дзвярэй, а яго скрынку везлі за ім на ручной каламажцы. Гэта быў высокі, дужы, важкі мужчына з каштанава-цёмным тварам. Набракшая дзёгцем касічка тырчэла над каўняром яго зашмальцаванага сіняга кафтана. Рукі ў яго былі шурпатыя, з нейкімі шрамамі і драпінамі, пазногці чорныя, паламаныя, а шаблевы шрам на шчацэ — бруднаватага, чырванавата-бялявага колеру. Памятаю, як незнаёмы, пасвістваючы, агледзеў нашу бухту