Старонка:Востраў скарбаў.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я, вядома, заявіў, што пайду з маткай, і, вядома, усе закрычалі, што гэта вар'яцтва. Аднак ніхто з мужчын не ўзяўся нас праводзіць. Дапамога іх абмежавалася тым, што яны далі мне набіты пісталет калі на нас зробяць напад і абяцалі трымаць напагатове асядланых коней, каб мы маглі ўцячы, калі разбойнікі будуць гнацца за намі. А адзін малады чалавек паскакаў да доктара па ўзброенае падмацаванне.

Шалёна білася маё сэрца, калі мы адправіліся ў нашу небяспечную дарогу. Вечар быў сцюдзёны. Узыходзіў поўны месяц. Ён ужо ўзняўся над кругавідам і чырванеў у імгле, з кожнай хвілінай ззяючы ўсё ярчэй. Мы зразумелі, што хутка пасвятлее, як днём, і нас няцяжка будзе заўважыць пры нашым звароце. Мы прытойваліся каля платоў, бясшумна і хутка, і, не сустрэўшы на дарозе нічога страшнага, дабраліся, нарэшце, да „Адмірала Бенбоў“.

Увайшоўшы ў дом, я адразу-ж зачыніў дзверы на засаўку. Цяжка дыхаючы, мы стаялі ў цемры, адны ў пустым доме, дзе ляжаў нябожчык. Пасля маці прынесла свечку і, трымаючыся за рукі, мы ўвайшлі ў агульны пакой. Капітан ляжаў у тым-жа палажэнні, як мы яго пакінўлі, — на спіне, з адкрытымі вачыма, адкінуўшы адну руку.

— Спусці шторы, Джым, — прашаптала маці. — Яны могуць сачыць за намі праз акно… А цяпер, — сказала яна, калі я спусціў шторы, — трэба адшукаць ключ ад скрынкі. Але хацела-б я ведаць, хто адважыцца дакрануцца да нябожчыка.

І яна ледзь-ледзь усхліпнула пры гэтых словах.

Я апусціўся на калены. На падлозе, каля капітанавай рукі, ляжаў маленькі папяровы кружок, выпацканы з аднаго боку чымсьці чорным. Я не сумняваўся, што гэта і ёсць чорны знак. Я схапіў яго і заўважыў, што на другім баку напісана прыгожым выразным почыркам: „Даем табе тэрмін да дзесяці вечара“.

— Яны прыдуць у дзесяць, маці, — сказаў я.

І ў тую-ж хвіліну наш стары гадзіннік пачаў біць. Гэты нечаканы гук прымусіў нас уздрыгануцца, але ён і абрадаваў нас, таму што было толькі шэсць гадзін.