Старонка:Востраў скарбаў.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ўскочыў на ногі, але зараз-жа пахіснуўся і схапіўся за горла. Так стаяў ён, хістаючыся, некалькі хвілін, потым з якімсьці дзіўным гукам усім цяжарам грымнуўся на падлогу, тварам уніз.

Я адразу рынуўся да яго і паклікаў маці. Але было позна. Капітан раптоўна памёр ад апаплексіі. І дзіўна, мне сапраўды, ніколі не падабаўся гэты чалавек, хоць у апошні час я пачаў шкадаваць яго, — але, убачыўшы яго мёртвым, я заплакаў. Я плакаў доўга, я заліваўся слязмі. Гэта была другая смерць, якая адбылася перад маімі вачыма, і гора, якое было прычынена мне першай, было яшчэ надзвычай свежа ў маім сэрцы.

Раздзел IV

МАТРОСКАЯ СКРЫНКА

Я, вядома, адразу-ж расказаў маці ўсё, што ведаў. Магчыма, мне варта было расказаць ёй аб гэтым раней. Мы апынуліся ў цяжкім, небяспечным становішчы.

Частка грошай, што асталіся пасля капітана, — калі толькі ў яго былі грошы, — безумоўна павінна была належаць нам. Але наўрад яго таварышы, накшталт Чорнага Пса і сляпога жабрака, згадзіліся-б адмовіцца ад сваёй здабычы дзеля аплаты даўгоў нябожчыка. Загад капітана сесці на каня і скакаць па доктара Лівсі я выканаць не мог: нельга было пакінуць маці адну, без усякай абароны. Аб гэтым няварта было і думаць. Мы не адважваліся далей аставацца дома: мы ўздрыгвалі нават тады, калі вугалле ў нашым камінку падала на жалезныя краткі; мы баяліся нават цікання гадзінніка. Усюды нам чуліся чыесьці крокі, быццам хто набліжаўся да нас.

Пры думцы аб тым, што на падлозе ляжыць мёртвае цела і што недзе блізка бадзяецца агідны сляпы жабрак, у мяне валасы ўзнімаліся на галаве. Марудзіць нельга было ні хвіліны. Трэба было нешта пачаць. І мы рашылі накіравацца разам у бліжэйшы пасёлак прасіць дапамогу. Сказана — зроблена. З непакрытымі галовамі кінуліся мы бегчы скрозь марозны туман. Ужо пачынала цямнець.