Старонка:Востраў скарбаў.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чорны знак. Гэтыя людзі ўжо пранюхалі, дзе я, — жулікі і гультаі, якія не здолелі зберагчы свайго і квапяцца зараз на чужое. Хіба сапраўдныя маракі так абыходзяцца? Вось я, напрыклад: я чалавек ашчадны, ніколі не сыпаў грашыма і не жадаю траціць нажытога. Я зноў ашукаю гэтых людзей. Я адплыву ад гэтага рыфа ды зноў пакіну іх усіх у дурнях.

З гэтымі словамі ён пачаў павольна ўзнімацца з пасцелі, апіраючыся на маё плячо з такою сілай, што я амаль не закрычаў ад болю. Цяжка, як мёртвыя калоды, апусціліся яго ногі на падлогу. Яго палкая гутарка была ў поўнай неадпаведнасці з яго ледзь чутным голасам.

Пасля таго, як ён сеў на ложку, ён доўга не мог вымавіць ні слова, і, нарэшце, сказаў:

— Даканаў мяне гэты доктар… Вушы мае так і пяюць. Памажы мне легчы…

Але, перш чым я працягнуў да яго руку, ён зноў паваліўся ў пасцель і некаторы час ляжаў моўчкі.

— Джым, — сказаў ён нарэшце, — ты бачыў сёння таго марака?

— Чорнага Пса? — спытаўся я.

— Так, Чорнага Пса, — сказаў ён. — Ён вельмі нядобры чалавек, але тыя, што паслалі яго, яшчэ горш, чым ён. Слухай: калі мне не ўдасца адсюль выбрацца і яны прышлюць мне чорны знак, ведай, што яны квапяцца на скрынку. Тады сядай на каня — да рэчы, ты ездзіш конна, не праўда? — Тады сядай на каня і скачы што ёсць сілы… Цяпер мне ўжо ўсёроўна… Скачы хоць да гэтага праклятага доктара, да швабры, і скажы яму, каб ён свіснуў усіх матросаў на палубу — усякіх там прысяжных і суддзяў — і злавіў-бы маіх гасцей на борце „Адмірала Бенбоў“, усю старую шайку Флінта, усіх да аднаго, колькі іх яшчэ асталося жывых. Я быў першым штурманам, так, першым штурманам старога Флінта, і я адзін ведаю, дзе знаходзіцца тое месца. Ён сам усё мне перадаў у Саванне, калі паміраў, вось як я зараз ляжу, бачыш? Але ты нічога не рабі, пакуль яны не прышлюць мне чорны знак або пакуль ты зноў не ўбачыш Чорнага Пса ці марака на адной назе. За гэтым аднаногім, Джым, сачы больш за ўсё.