Старонка:Востраў скарбаў.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

так і падалі ад жоўтага джэка[1], а землетрасенні хісталі сушу, як марскую хвалю. Што ведае ваш доктар аб гэтых месцах? І я жыў толькі ромам, так! Ром быў для мяне і мясам, і вадой, і жонкай, і прыяцелем. І калі я зараз не вып'ю рому, я буду, як стары карабль, выкінуты на бераг штормам. І мая кроў будзе на табе, Джым, і на гэтай швабры, на доктары.

І ён зноў выбухнуў лаянкай.

— Паглядзі, Джым, як дрыжаць мае пальцы, — працягваў ён жаласлівым голасам. — Я не магу спыніць іх, каб яны не дрыжэлі. У мяне сёння не было ні каплі ў роце. Гэты доктар — дурань, запэўняю цябе. Калі я не вып'ю рому, Джым, мне будуць мроіцца розныя жахі. Сёе-тое я ўжо бачыў, далібог. Я ўбачыў старога Флінта, вунь там у куце, у сябе за плячыма. Бачыў яго выразна, як жывога. А калі мне мрояцца жахі, я раблюся зверам. Ваш доктар сам сказаў, што адна шкляначка мяне не заб'е. Я дам табе залатую гінею[2] за адну кружачку, Джым.

Ён выпрашваў усё больш настойліва і быў так узбуджаны, што я спалохаўся, каб яго не пачуў бацька. Бацьку ў той дзень было асабліва дрэнна, і яму была неабходна поўная цішыня. Да таго-ж мяне ўмацоўвалі словы доктара, што адна шклянка не пашкодзіць капітану.

— Не патрэбны мне вашы грошы, — адказаў я, таму што прапанова хабару вельмі абразіла мяне. — Заплаціце лепш тое, што вы павінны майму бацьку. Я прынясу вам шклянку, але гэта будзе апошняя.

Я прынёс шклянку рому. Ён прагна схапіў яе і выпіў да дна.

— Вось і добра, — сказаў ён, — мне адразу зрабілася лепш. Паслухай, друг, доктар не казаў, колькі мне ляжаць на гэтым ложку?

— Прынамсі тыдзень, — сказаў я. — Не менш.

— А бадай цябе маланка! — закрычаў капітан. — Тыдзень! Калі я буду ляжаць тыдзень, яны паспеюць прыслаць мне

  1. Жоўты джэк — трасца.
  2. Гінея — англійская манета (каля дзесяці рублёў золатам).