Старонка:Востраў скарбаў.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На шчасце, дзверы адчыніліся і ўвайшоў доктар Лівсі, які прыехаў наведаць майго хворага бацьку.

— Доктар, памажыце! — усклікнулі мы. — Што нам рабіць. Куды ён ранены?

— Ранены? — сказаў доктар. — Ён гэтак-жа ранены, як ты ці я. У яго проста ўдар. Што рабіць, я папераджаў яго. Ну, місіс Гоўкінс, вяртайцеся наверх да мужа і, калі можна, нічога не кажыце яму. А я паспрабую адратаваць гэтае, тройчы непатрэбнае жыццё. Джым, прынясі мне таз.

Калі я вярнуўся з тазам, доктар ужо закасаў у капітана рукаў і агаліў яго вялікую мускулістую руку. Рука была татуіравана ва многіх месцах. Паміж плячом і локцем сінелі надпісы: „На шчасце“, „Спадарожнага ветру" і „Хай спраўдзяцца мары Білі Бонса“.

Каля самага пляча была нарысавана шыбеніца, на якой боўтаўся чалавек. Гэты рысунак, як мне здалося, быў зроблены з пэўчым веданнем справы.

— Прароцкі малюнак, — заўважыў доктар, кратаючы пальцам рысунак шыбеніцы. — А цяпер, судар Білі Бонс калі вас сапраўды так завуць, мы пабачым, якога колеру ваша кроў. Джым, — звярнуўся ён да мяне, — ты не баішся крыві?

— Не, сэр, — сказаў я.

— Вельмі добра, — праказаў доктар. — Тады трымай таз.

Ён узяў ланцэт і ўскрыў вену.

Многа выцякла ў капітана крыві, перш чым ён адкрыў вочы і абвёў нас цмяным позіркам. Ён пазнаў доктара і нахмурыў бровы. Пасля заўважыў мяне і як быццам крыху супакоіўся. Пасля раптам пачырванеў і, прабуючы ўстаць, закрычаў:

— Дзе Чорны Пёс?

— Тут няма ніякага пса, акрамя вас, — сказаў доктар. — Вы пілі занадта многа рому, і вось вас схапіў удар, як я вам праракаў. І мне, супроць майго жадання, давялося выцягваць вас з магілы. Ну, містэр Бонс…

— Я не Бонс, — перапыніў капітан.

— Няважна, — сказаў доктар. — У мяне ёсць знаёмы пірат, якога, завуць Бонсам, і я даў вам гэта імя для сцісласці. Запа-