Старонка:Востраў скарбаў.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасля раптоўна страшэнны выбух лаянкі, стол і лаўкі з грукатам перакуліліся на падлогу, бразнула сталь клінкоў, нехта ўскрыкнуў ад болю, і праз хвіліну я ўбачыў Чорнага Пса, які што было сілы бег да дзвярэй. Капітан гнаўся за ім. Шаблі іх былі аголены. У Чорнага Пса з левага пляча цякла кроў. Каля самых дзвярэй капітан замахнуўся шабляй, і хацеў нанесці ўцякаючаму яшчэ адзін, самы страшэнны ўдар, які, несумненна разрубіў-бы яго папалам, але шабля зачапілася за вялікую шыльду нашага „Адмірала Бенбоў“. На шыльдзе, унізе, на самой раме, дагэтуль можна бачыць ад яе след.

На гэтым бойка скончылася.

Выскачыўшы на дарогу, Чорны Пёс, не гледзячы на сваю рану, памчаўся з такой здзіўляючай хуткасцю, што праз поўхвіліны знік за ўзгоркам. Капітан стаяў і глядзеў на шыльду, як звар'яцелы. Затым некалькі разоў правёў рукой па вачах і вярнуўся дадому.

— Джым, — загадаў ён, — рому!

Ён крыху пахіснуўся пры гэтых словах і абапёрся рукой аб сцяну.

— Вы ранены? — усклікнуў я.

— Рому! — паўтарыў ён. — Я павінен уцякаць адсюль. Рому! Рому!

Я пабег па ром, але ад хвалявання разбіў шклянку і запэцкаў граззю кран ад бочкі. І пакуль я наладжваў парадак і наліваў другую шклянку, раптам я пачуў, як у агульным пакоі нешта важка звалілася на падлогу. Я прыбег і ўбачыў капітана, які ва ўсю даўжыню выцягнуўся на падлозе. Маці, устрывожаная крыкамі і калатнёй, збегла ўніз мне на дапамогу. Мы прыпаднялі капітанаву галаву. Ён дыхаў вельмі гучна і цяжка. Вочы яго былі заплюшчаны, твар пачырванеў.

— Божа мой! — усклікнула маці. — Які сорам для нашай карчмы! А твой бедны бацька, быццам знарок, ляжыць хворы!

Мы не ведалі, як дапамагчы капітану, і былі ўпэўнены, што ён смяротна ранены ў часе паядынка з незнаёмым. Я прынёс рому і спрабаваў уліць яму ў рот. Але моцныя сківіцы яго былі сцяты, як жалезныя.