М. ЧЭМЕР.
Верная дачка Сонца і „Шчырай Зямелькі“.
Натальля Арсеньнева: „Пад сінім небам“.
Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, Вільня, 1921. ст. 141 у 8°. Цана 2 зал. 50.
I
Толькі што вышаў з друку першы зборнік вершаў нашае ведамае пясьняркі Натальлі Арсеньневай, які зьмяшчае вершы за 1921—1925 г. г. У нашых часапісах усьцяж зьяўляюцца новыя вершы Н. Арсеньневай, дык трэба думаць, што не заставіць доўга чакаць сябе і другі зборнік яе поэзыі.
Першы зборнік поэты зазвычай, як яго „пяршак“, мае ўжо, часам і найбольш ярка, — выражаны характар індывідуальнай асобы тварца… Часта ў першым зборніку, у першым вялікшым творы, вялікшы поэта дае быццам сваю „поэтыцкую праграму“, „свой маніфэст“, „сваю тронную прамову“, якую далейшыя творы толькі разьвіваюць, пашыраюць, паглыбляюць, выконуючы яе — у вялікае „дзела жыцьця“. Але — часта, ах залішне часта! першыя творы даюць нам ужо амаль не цалком усяго поэту, які ў далейшым толькі, як кажуць, — „насьлядуе самога сябе“, перапявае свае першыя песьні… Асабліва — у нашыя, бягучыя такім шпаркім тэмпам часы, — душы й таленты насьпяваюць так борзда, так залішне борзда, сьпяшаючыся неяк вылажыць усё, што ўлажыла ў іх Прырода, быццам самі ня вераць у трывалы, вольны й бязьмежны расьцьвет жывучага ў іх духу. .
Першы зборнік вершаў поэты мае заўсёды — як для чытачоў, так сама і для аўтара — асабліваю важнасьць. — Для аўтара ён мае значэньне першага важнага й адказнага спатканьня з публікай, значэньне так сказаць, „хрэсьбінаў“, — першай „спробы агнём і… вадой“ крытыкі. Для чытачоў, а наўперад для найбольш уважных і сур‘ёзных з чытачоў, — для крытыкаў, першы зборнік поэты мае асаблівую важнасьць дзеля таго, што першы раз дае магчымасьць — абняць разам, ахапіць зорам, зьвязаць і ацаніць, як нешта цэлае, усё тое, што зьяўлялася й чыталася паасобку, уразьбіўку; дае магчымасьць ўгледзіць ўсю вагу, вартасьць і навіну таго літаратурнага зьявішча, якое прадстаўляе сабой паззыя рэпрэзэнтуючагася грамадзянству тварца… Першая кніжка паэты дае магчымасьць запраўды-ж упяршыню добра пазнаёміцца з паэтам, — з яго душэўным жыцьцём, выяўленьням якога зьяўляецца ягоная паэзыя.