Арганісты залез на хоры ды й спусьціў адтуль на нітачцы дзьвесьце дзевяцьдзесят дзевяць рублёў у Пятроўскага перад самым носам.
Пятроўскі пералічыў грошы, палажыў іх у кашэню ды й кажа:
— Кеды пан Езу Хрыста даў рублі трыста без еднэго, то дась і ўшыстко. Дзеньковаць за боскую ласку.
Пры гэтых словах Пятроўскі падняўся на ногі й хацеў ісьці, але чуе хтось кажа:
— Хоць-жа пан Пятроўскі шляхціц, але кеп!
Гэта сказаў ксёндз, бо яму шкада стала грошай. А Пятроўскі падумаў, што гэта кажа Езус. Закіпеў Пятроўскі, аж затросься ад злосьці ды й крычыць на ўвесь касьцёл:
— Цо, цо? Я кеп?!… З ласкі боскей естэм пан Пятроўскі, радавіты шляхціц да патопу ды пржытым і двожанін, гэрольдэм утвердзоны, а ты з жыдкоў!
Гэтага роду баек ёсьць сярод беларускага народу шмат. Але пяройдзем ад клясава-бытавых да рэволюцыйна-сымболічных мотываў у беларускай народнай творчасьці.