Перайсці да зместу

Старонка:Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках (1924).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што ён вычвараў над маладзіцамі й дзеўкамі, дык сорам і казаць. Ня мог той паганы пан ужо больш нічога прыдумаць, каб пазьдзекавацца над людзьмі, от і вялеў ён, каб мужыкі прыводзілі на продаж валоў толькі ў двор, а па канцох сяла пастанавіў рагаткі ды й не дазволіў праехаць к мужыком ніякому купцу.

От і павялі людзі ў двор валоў на продаж. Але прывядзе хто вала, а пан і кажа:

— Што-ж ты прывёў, асёл? Гэта-ж ня вол, а казёл.

І заплаціць, бы за казла, а тo яшчэ пашле на стайню ды ўсыпле ў сядзібу паўсотні гарачых.

Доўга мучыліся бедныя мужыкі з такім паганым панам: доўга цярпелі, бо што зробіш, каму пажалішся!? Ведама, паны за панамі цягнуць. Але ось знайшоўся адзін чалавек, што адплаціў таму пану за ўсе людзкія сьлёзы ды за крыўду.

Дык вось як тое было:

Быў там удалы, здатны хлапец. Рана ён асірацеў, але і адзін узьбіўся такі на хаджайства. Горды быў хлапец. Ніхто яго ніколі й пальцам не зачапіў. Толькі от ён прыводзіць у двор на продаж вала. Убачыў пан, вышаў на ганак ды й кажа:

— Што-ж ты прывёў, асёл! То-ж ня вол, а казёл!