Слухайце-бо! Скажу вам ня казку, a шчырую праўду. Дзе тое было — цяпер я забыўся, бо ўжо, бачыце, старасьць. Цяпер ліха, жаляцца маладзічкі, а даўней было гарэй. Ня вельмі даўно тое было, яшчэ за паншчыну. От як трапіцца такі паганы пан, то хоць лажыся й памірай — нічым яму ня ўгодзіш. Кажуць-жа: зачыні чорту дзьверы, то ён улезе праз вакно. Гэтак і ліхі пан. Ты яму годзіш, шчыра робіш, а ён табе ўсё крычыць:
— Ня так, шэльма, ня так, галган, ня так, пся-крэў! — і есьць цябе поедам, есьць, зьневажае, зьдзекуецца. А чуць што — жыўцом скуру злупіць.
Ой, цяжка, вельмі цяжка было за ліхімі панамі. А ліхія паны немаль былі ўсе. Эгэ-ж!
От у адным двары быў такі ліхі пан. Чаго толькі ён не вычвараў! Як толькі ён не назьдзекаваўся над людзьмі. Сек ён і мужыкоў і баб, старых і маладых. Расьцягнуць, бывала, маладзіцу, або дзеўку, цівун тыча пальцам ды й кажа:
— Пане, о!
—Лупі па „о!“ — кажа пан, і фурман пачне пярэсьціць, што аж пара валіць. Не аднаго ён засек на сьмерць і нічога не баяўся. А людзей ён лічыў гарэй сабак…